Шаноўныя сябры! У той момант, калі вы чытаеце гэты нумар газеты, у думках — мы з вамі. Як і ўвесь год, што адлічвае ўжо свае апошнія гадзіны. На працягу яго мы разам пераадольвалі цяжкасці, дзяліліся душэўным цяплом, падтрымлівалі адзін аднаго.
Вось і цяпер нам хочацца абняць кожнага з вас і падзякаваць. За тое, што вы любіце і чытаеце «Раённы веснік». За тое, што дасылаеце свае лісты і тэлефануеце. Гэта для нас вельмі важна. Таму ў кожным нумары стараемся друкаваць вашы допісы і тэлефанаванні. Вось і атрымліваецца, што вы таксама ўдзельнічаеце ў выпуску газеты, знаходзячы шчырыя словы ў расповядах аб людзях, вытворчых справах, а часам і абуральныя — у крытыцы таго, што замінае ў жыцці.
За год узаемных стасункаў мы сталі нашмат бліжэй адзін да аднаго. Давайце і надалей берагчы гэты каштоўны набытак. Цяпер, калі ёсць магчымасць у думках азірнуцца назад, узгадаем усё добрае, што было між намі, і забудзем недарэчнасці.
Новы год запамінальны кожнаму падарункамі. Для нас самы прыемны падарунак — ваша вернасць раённай газеце. Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, вы з многіх выданняў зрабілі свой выбар на карысць «Раённага весніка», дзе заўжды ў цэнтры ўвагі чалавек і ўзаемаадносіны між людзьмі. А газета ў якасці падарунка будзе ўвесь год друкаваць на сваіх старонках матэрыялы, якія , спадзяёмся, стануць для вас цікавымі і карыснымі.
Жадаем вам, шаноўныя сябры, пражыць наступны год без вялікіх праблем. Каб на працягу яго нікога не падводзіла здароўе, ішла поруч ўдача. Каб дзеці, у каго яны ёсць, радавалі сваёй сардэчнасцю і павагай. Каб у вашых хатах і кватэрах было ўтульна і цёпла. Каб у кашальках не зводзіліся грошы. У кожнага з вас, канешне ж, ёсць мары і надзеі. Дык няхай яны збудуцца!
А калі вельмі коратка — мы жадаем вам шчасця!
Ад імя рэдакцыі — Аляксандр БУШЭНКА