І ПАДЧАС ВАКАЦЫЙ ЛЕТНІХ ВУЧНЯЎ ТРЭБА СПРАВАЮ ЗАНЯЦЬ…

Общество

Як паведамляў ужо «Раённы веснік», у мінулую сераду адбылося сумеснае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх і каардынацыйнага савета райвыканкама.
Па пытанню «Арганізацыя аздараўлення, летняй занятасці і рэалізацыя права падлеткаў на працу ў пазаўрочны час, у тым ліку тых, хто стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх Чэрвеньскага РАУС, унутрышкольным кантролі, знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы» выступіла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Ларыса АСАНОВІЧ. Яна засяродзіла ўвагу прысутных на колькасці разнастайных гурткоў, спартыўных секцый, арганізацыі кантролю за занятасцю так званых «цяжкіх» падлеткаў:
— У 2011/2012 навучальным годзе ва ўстановах адукацыі Чэрвеньшчыны, установах дадатковай адукацыі дзейнічалі 267 гурткоў (2603 школьнікі) і 39 спартыўных секцый (578 школьнікаў). Акрамя гэтага, вучні наведвалі аддзяленні школы мастацтваў, СДЮШАР, гурткі і клубы, якія працуюць пры раённым цэнтры культуры і адпачынку, сельскіх Дамах культуры і бібліятэках ды іншыя. Усяго гуртковай работай ахоплена 96,8% вучняў.
Асаблівая ўвага ва ўстановах адукацыі надаецца пытанню занятасці непаўналетніх, якія знаходзяцца на рознага віду ўліках: 22 — у інспекцыі па справах непаўналетніх, 36 — на ўнутрышкольным, 75 — у сацыяльна небяспечным становішчы, 1 — у нарколага. Гэтыя школьнікі аддаюць перавагу гурткам спартыўнай альбо тэхнічнай накіраванасці («Спартыўныя гульні», «Настольны тэніс», «Картынг», «Умелыя рукі», «Разьба па дрэве», «Рукадзельніца»), з задавальненнем наведваюць «Гурток інфарматыкі і праграмавання», «Тэатральны». Шэсць непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, не наведваюць гурткі, бо пражываюць у аддаленай ад школы мясцовасці. Ім прапануюць удзельнічаць у пазакласных мерапрыемствах.
Адным з важных накірункаў у рабоце аддзела адукацыі з’яўляецца арганізацыя турыстычна-краязнаўчай работы. Найбольш запатрабаванымі яе формамі, у тым ліку і школьнікамі з падуліковай катэгорыі, з’яўляюцца экскурсіі і паходы. За гэты навучальны год арганізавана 159 аднадзённых і 19 шматдзённых паходаў, 155 экскурсійных паездак, 172 экскурсіі ў Чэрвеньскі раённы краязнаўчы музей.
У мэтах арганізацыі прапагандысцкай работы, інфармавання падрастаючага пакалення штогод у сакавіку ладзіцца Тыдзень прававых ведаў, у рамках якога адбываюцца «круглыя» сталы, дыспуты, конкурсы плакатаў, віктарыны. Традыцыйным стала правядзенне алімпіяды прававых ведаў. Так, у сакавіку гэтага года ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел 398 чалавек, з іх 84 — з падуліковай катэгорыі. На ўсіх вучняў, якія знаходзяцца на рознага віду ўліках, аформлена неабходная дакументацыя. З імі праводзіцца работа ў адпаведнасці з планамі індывідуальнай дапамогі.
Асаблівая ўвага ў аддзеле адукацыі ўдзяляецца і пытанню аздараўлення школьнікаў. На тэрыторыі Чэрвеньшчыны ў летні перыяд плануецца аздаравіць 900 вучняў у лагерах з дзённым знаходжаннем і 574 — з кругласутачным. У пяці ўстановах адукацыі разам з аддзелам занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама будзе арганізавана часовая занятасць непаўналетніх. Акрамя гэтага, на базе СШ №4 г.Чэрвеня плануецца арганізаваць экалагічны атрад (25 чалавек) для работы ў гадавальніку Чэрвеньскага лясгаса.
Такім чынам, у перыяд летніх вакацый школьнікі, у тым ліку з падуліковай катэгорыі, знаходзяцца пад пільнай увагай педагогаў, ахоплены разнастайнымі арганізаванымі формамі аздараўлення і занятасці. Гэта дзённыя, профільныя, кругласутачныя стацыянарныя лагеры, рамонтна-будаўнічыя брыгады, індывідуальнае працаўладкаванне, выезд на аздараўленне за мяжу…
Пра арганізацыю працы для школьнікаў і навучэнцаў падчас летніх вакацый распавёў начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Уладзімір СЯНЬКО. Ён паведаміў, што ўсяго плануецца забяспечыць працай з заробкам 210 чалавек, 20 з якіх знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. На гэтыя мэты выдзяляецца 145 мільёнаў рублёў. У пералік работ, якія будуць выконваць непаўналетнія, уваходзяць пафарбоўка сценаў, падлогі, плоту, столі, спартыўнага абсталявання, труб, радыятараў, рамонт плоту, банкетак, замена шпалераў, пашыў сцэнічных касцюмаў, штораў.
Уладзімір Сянько прыгадаў таксама, як у мінулыя гады тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, РК БРСМ заключалі дамовы з сельгасарганізацыямі, фарміравалі атрады з жадаючых папрацаваць і зарабіць. А аддзел занятасці аплачваў транспарт. Варта высветліць, ці запатрабаваны такі від летняй занятасці ў школьнікаў і па магчымасці яго аднавіць. Толькі пажадана дамовіцца з наймальнікамі аб штодзённым разліку, каб не ўзнікала ніякіх пытанняў.
Намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Ала ШАХОЦЬКА даручыла заняцца вывучэннем пытання начальнікам аддзелаў адукацыі і па справах моладзі.
Аб прыахвочванні дзяцей і падлеткаў да заняткаў спортам, аздараўленчых мерапрыемствах у летні час ды іншым распавёў начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Ігар ФІЛІЧОНАК:
— Для 45 выхаванцаў Чэрвеньскай СДЮШАР плануецца стварэнне спартыўна-аздараўленчага атрада на базе лагера з дзённым знаходжаннем СШ №4 г.Чэрвеня. Для астатніх 308 чалавек у першы летні месяц будуць праводзіцца заняткі ў групах па штатнаму раскладу ў г.Чэрвені і на базе філіяла г.п.Смілавічы. У жніўні плануецца работа спартыўна-аздараўленчай змены для 45 юных спартсменаў на базе лагера з кругласутачным знаходжаннем «Верасок» у Чарнаве. З ліпеня па жнівень для выхаванцаў СДЮШАР будзе дзейнічаць асобны расклад заняткаў, а таксама ладзіцца заняткі ў сямі платных фізкультурна-аздараўленчых групах. У чэрвені працягнуцца выезды нашых спартсменаў для ўдзелу ў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах па футболе, вольнай барацьбе, лёгкай атлетыцы, самба.
Зараз у СДЮШАР займаюцца тры непаўналетнія, якія знаходзяцца на кантролі ў інспекцыі па справах непаўналетніх Чэрвеньскага РАУС, чатыры — у сацыяльна небяспечным становішчы, тры — на ўнутрышкольным кантролі, два — з апякунскіх сем’яў, тры — з прыёмных. Усім ім удзяляецца асобная ўвага…
Ігар Філічонак спыніўся і на праблемах — трэба якімсьці чынам замяшчаць трэнераў падчас іх летняга адпачынку, мець у школах адказных за спортінвентар, сачыць за бяспекай дзяцей на стадыёнах улетку. Бо з заканчэннем вучобы і пачаткам летніх вакацый спартыўная работа, як правіла, не заканчваецца.
Пра арганізацыю занятасці школьнікаў улетку гаварыла і начальнік аддзела па справах моладзі Таццяна НАГОРНАЯ:
— Сёлета мы разам з РК БРСМ плануем стварыць 3 сельскагаспадарчыя студэнцкія атрады з агульнай колькасцю ўдзельнікаў 85 чалавек (чэрвень-кастрычнік), а ў летні час — 6 валанцёрскіх атрадаў: «Імпульс», «Памяць, «Чыстыя сэрцы», «Патрыёт» (па 20 чалавек кожны, прылеглыя тэрыторыі СШ №2 г.Чэрвеня, Запольскай СШ, Гануцкага дзіцячага сада-БШ, Турэцкага дзіцячага сада-БШ адпаведна), «Смілаў.бай» (25 чалавек, прылеглая тэрыторыя СШ №2 г.п.Смілавічы) і «Спяшаемся на добрыя справы» (7 чалавек, прылеглая тэрыторыя Лядзенскага дзіцячага сада-СШ).
Пры РК БРСМ дзейнічае клуб «Падлетак», які наведвае 18 чалавек. Яго асноўная мэта — папярэджанне дзіцячай і падлеткавай злачыннасці. Заняткі плануецца ладзіць і ўлетку. Як і шэраг маладзёжных мерапрыемстваў. Гэта — раённы Дзень моладзі, экалагічная акцыя «Чысціня ўратуе свет», правядзенне тэматычных дыскатэк з выездам у аздараўленчы лагер «Верасок», акцыя «За Беларусь»…
Прапанова намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталлі СЦЯЖКО — аднавіць дзейнасць байкерскага клуба і маладзёжнага шматпрофільнага цэнтра.
Аб практыцы арганізацыі працоўных брыгад школьнікаў у мінулыя гады, праблемах, з якімі сутыкнуліся дарослыя, планах па занятасці на гэтае лета распавяла загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вікторыя ЯСКЕВІЧ.
Па пытанню «Аб стане злачынстваў, правапарушэнняў сярод непаўналетніх за першы квартал 2012 года. Арганізацыя і правядзенне на тэрыторыі раёна акцыі «Клопат» у летні перыяд» выступіў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Чэрвеньскага РАУС Андрэй МІРАНОВІЧ:
— Адзін з прыярытэтаў у рабоце нашай інспекцыі — папярэджанне здзяйсненняў непаўналетнімі злачынстваў і правапарушэнняў. За чатыры месяцы гэтага года рост злачынстваў не дапушчаны. Летась за гэты перыяд іх было 5, сёлета — 3. Іх здзейснілі чатыры непаўналетнія на тэрыторыі г.п.Смілавічы і Смілавіцкага сельсавета. Таксама не дапушчаны рост правапарушэнняў у падлеткавым асяроддзі. У 2011 годзе за 4 першыя месяцы іх было 44, сёлета — 31.
Праводзіцца работа па прафілактыцы п’янства, наркаманіі, таксікаманіі. Выяўлены 7 фактаў рэалізацыі спіртных напояў непаўналетнім. Па іх накіраваны інфармацыі ў адпаведныя дзяржаўныя органы.
З 1 мая па 1 верасня на тэрыторыі Чэрвеньшчыны ладзіцца спецыяльная праграма «Клопат», мэта якой — недапушчэнне самавольных сыходжанняў непаўналетніх з дому, з аздараўленчых лагераў, нанясення і атрымання цялесных пашкоджанняў, здзяйснення правапарушэнняў і злачынстваў. За кожным лагерам адпачынку замацаваны супрацоўнікі міліцыі. Плануем ладзіць рэйды, праводзіць лекцыі, гутаркі, паказ відэафільмаў прафілактычнай тэматыкі…
Пра выкананне патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 ад 24 лістапада 2006 года «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях» гаварыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля СЦЯЖКО.
У яе выступленні прагучалі канкрэтныя лічбы па вяртанні дзяржаўным установам сродкаў, якія завінавацілі нядбайныя бацькі за ўтрыманне там дзяцей, з 2005 года, з часу дзеяння Дэкрэта №18, з пачатку гэтага года і за красавік. Таксама Наталля Сцяжко зазначыла, што галоўнае — не забраць дзяцей, а захаваць сям’ю і іх у ёй. Настойліва і актыўна працаваць з тымі дарослымі, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, каго яшчэ не пазбавілі бацькоўскіх правоў. На асаблівым кантролі павінна быць ранняе выяўленне нядобранадзейнасці.
Менавіта па гэтаму пытанню падчас выступлення начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Ларысы АСАНОВІЧ было шмат водгукаў і просьбаў аб садзейнічанні — у вышуку абавязаных асобаў (Чэрвеньскі РАУС), праходжанні імі ўрачэбнай камісіі (цэнтральная раённая бальніца), пералічэнні сродкаў, заробленых абавязанымі асобамі, на рахунак аддзела адукацыі, чаго пры ўсім старанні і неаднаразовым напаміне не даб’ешся ад некаторых прадпрыемстваў і арганізацый Чэрвеньшчыны (пракуратура) і іншых. Асобная просьба Ларысы Асановіч да ўсіх кіраўнікоў і спецыялістаў зацікаўленых ведамстваў, якія працуюць над выкананнем палажэнняў Дэкрэта №18, — аказваць садзейнічанне, працаваць зладжана.
Пра вынікі правядзення маніторынгу выхавання дзяцей у апякунскіх і прыёмных сем’ях гаварыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Анжэла ПЯТРОЎСКАЯ. На сённяшні дзень у 26 апякунскіх сем’ях выхоўваецца 37 дзяцей, у 34 прыёмных — 55. І гэта сапраўднае выйсце для забраных з біялагічных сем’яў дзяцей, добрая альтэрнатыва дзяржаўным установам.
Напрыканцы падсумавалі ўсё пачутае старшыня камісіі па справах непаўналетніх Ала ШАХОЦЬКА і намеснік старшыні Наталля СЦЯЖКО. Яны вызначылі, над чым і каму канкрэтна трэба працаваць, каб выконваць належным чынам Дэкрэт №18, як актывізаваць прафілактычную работу па папярэджанні злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, нядобранадзейнасці ў сем’ях.

Святлана АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *