ЦІ ЎМЕЕМ МЫ ЛЮБІЦЬ ДЗЯЦЕЙ?

Общество

У нашай установе адукацыі два разы на год ладзяцца агульнашкольныя бацькоўскія сходы. Першы ў сёлетнім навучальным годзе адбыўся напрыканцы лістапада па тэме «Роля бацькоў у развіцці дзіцяці. Ці ўмеем мы яго любіць?

Педагагічным калектывам была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа. Складзена прэзентацыя па тэме, арганізавана анкетаванне сярод вучняў 5-11 класаў, прадумана форма правядзення сходу, зараней прыдуманы заданні для бацькоў, святочна ўпрыгожана зала. У якасці гасцей запрасілі старшыню Лядзенскага сельвыканкама Алену Гамеза і інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх Чэрвеньскага РАУС Віталя Завадскага. Увогуле, наша ўстанова адукацыі цесна супрацоўнічае з мясцовым сельвыканкамам. Таму Алена Дзмітрыеўна часта ўдзельнічае ў нашых мерапрыемствах. На гэты раз яна вяла размову пра выкананне Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях». У сваім выступленні старшыня сельвыканкама распавяла пра работу, якая праводзіцца з падуліковымі сем’ямі. Карысным было і выступленне Віталя Завадскага, які распавёў аб правапарушэннях і злачынствах, здзейсненых непаўналетнімі на тэрыторыі Чэрвеньскага раёна, прафілактычнай рабоце. Бацькі атрымалі магчымасць паглядзець відэафільм «Споведзь непаўналетняга злачынцы», які нікога не пакінуў абыякавым.

З дакладам перад прысутнымі выступіла дырэктар школы Ірына Змачынская. Яна зазначыла, што асноўнай задачай бацькоў з’яўляецца стварэнне ў дзіцяці ўпэўненасці ў тым, што яго любяць і пра яго клапоцяцца. Ніколі, ні пры якіх умовах у яго не павінна ўзнікаць сумненняў у бацькоўскай любові. Самы натуральны і неабходны з усіх абавязкаў дарослых — гэта адносіцца да дзіцяці ў любым узросце  любоўна і ўважліва. Толькі пры ўпэўненасці яго ў бацькоўскай любові і магчыма правільнае фарміраванне псіхічнага свету, толькі на аснове любові можна выхаваць маральныя паводзіны, толькі любоў здольная навучыць любові.

Каб неяк разнастаіць правядзенне бацькоўскіх сходаў, актывізаваць дарослых, бачыць іх не пасіўнымі слухачамі, а актыўнымі ўдзельнікамі, педагогі падрыхтавалі і правялі практыкум «Ці ўмеем мы любіць сваё дзіця?». Пачалі ж працу са слоў Сухамлінскага: «Там, дзе няма мудрасці бацькоўскага выхавання, любоў маці і бацькі да дзяцей нявечыць іх». Якой жа павінна быць сапраўдная бацькоўская любоў? На гэтае пытанне ў ходзе практыкуму падчас чатырох этапаў яго ўдзельнікі і павінны былі знайсці адказ.

Першы этап — работа ў парах. Бацькі выканалі тры заданні, калі ім неабходна было:

— пераўвасобіцца ў «бацькоўскае сонейка» і накіраваць свае цёплыя праменьчыкі на ўласнае дзіця так, каб яно адчула бацькоўскія любоў, пяшчоту і клопат;

— заахвоціць дзіця і пасварыцца на яго, не прыносячы яму пры гэтым боль;

— указаць якасці дзіцяці, якія ў першую чаргу неабходна выхоўваць у ім, каб быць упэўненым у сваёй шчаслівай старасці.

Другі этап практыкуму «Назіранне аднаго дня дзіцяці ў сям’і» прадугледжваў удзел у анкетаванні. Дарослым прапанавалі адказаць на 12 пытанняў з варыянтамі адказаў і параўнаць свае адказы з мадэллю матываваных учынкаў бацькоў, у якіх пералічваліся некаторыя недазволеныя прыёмы ў выхаванні:

1.         Не прыніжай.

2.         Не пагражай.

3.         Не вымагай абяцанняў.

Трэці этап «Дзіця і яго сям’я» даў магчымасць усім бацькам паспрабаваць паставіць сябе на месца ўласнага дзіцяці і адказаць на прапанаваныя пытанні так, як адказаў бы ён. Гэта значыць — зірнуць на сітуацыю яго вачыма. Анкетаванне вучняў 5-11 класаў, як ужо зазначалася, было праведзена зараней. Цікава, што некаторыя дзіцячыя адказы здзівілі дарослых, не супалі з іх меркаваннем. Сумесна з педагогамі і бацькі сутыкнуліся з адной і той жа праблемай: чытаючы натацыі дзецям, як трэба сябе паводзіць, даючы карысныя парады, перасцерагаючы ад памылак, у выніку атрымліваем супрацьлеглыя вынікі. У чым жа прычына? Яе і шукалі разам. Прыйшлі да высновы, што нашы ўчынкі не заўсёды сведчаць пра тое, пра што гаворым. А дзеці — гэта пастаянныя сведкі, яны бачаць нашы падзенні, зрывы, як бы мы ні імкнуліся гэта схаваць. А можа, уся справа ў тым, што дзеці вучацца жыць… у жыцця?

Мэта чацвёртага этапу — пошук адказаў на пытанне «Чаму можа навучыцца дзіця, калі яно аказваецца ў пэўных сітуацыях?» Бацькам было прапанавана закончыць сказы: чаму вучыцца дзіця, калі яно жыве ў страху і варожасці, у папроках, у сумленнасці, у разуменні, калі яго пастаянна крытыкуюць, калі яго падтрымліваюць настаўнікі.

Творча давялося папрацаваць дарослым, каб адстаяць свой пункт гледжання і пераканаць у гэтым іншых. Быць бацькамі — гэта значыць прайсці вялікую школу цярпення і памятаць простыя ісціны:

1.         Дзеці павінны быць для бацькоў, перш за ўсё, проста дзецьмі.

2.         Любіць іх мы павінны незалежна ад таго, як яны сябе паводзяць, тады яны хутчэй пазбавяцца ад раздражняльных для нас звычак і выхадак.

3.         Калі мы будзем любіць іх толькі тады, калі імі задаволены, гэта стане тормазам у іх развіцці.

4.         Калі наша любоў будзе безумоўнай, дзеці навучацца самакрытычнасці і будуць пазбаўлены ад унутрыасобасных канфліктаў.

5.         Калі мы не навучымся радавацца дзіцячым поспехам, дзеці будуць адчуваць сябе некампетэнтнымі, зацвердзяцца ў думцы, што старацца сэнсу не мае — патрабавальным бацькам заўсёды трэба больш, чым дзіця можа.

Вынікам практыкуму стала распрацоўка памяткі:

1.         Важна не колькасць часу, праведзеная з дзіцём, а якасць стасункаў з ім.

2.         Для ўстанаўлення цесных сувязяў з дзіцём трэба ўмець глядзець яму ў вочы. Няхай ваш позірк будзе адкрытым і любячым.

3.         Для дзіцяці вельмі важны фізічны кантакт. Не абавязкова абдымаць і цалаваць штохвілінна, дастаткова дакрануцца да яго рукі. Наш дотык робіць дзіця больш упэўненым у сабе.

І, нарэшце, усе мы, настаўнікі і бацькі, не павінны забываць простую ісціну: «Трэба вучыцца любіць дзяцей так, каб яны зразумелі гэта, адчулі нашу любоў і ў будучым самі сталі добрымі бацькамі».

Тамара БАБІЧ,

намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Лядзенскага дзіцячага сада-сярэдняй школы


 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *