ЯК НАШ «ПЧАЛІНЫ РОЙ» ГУДЗЕЎ

Общество

Чым больш часу праходзіць пасля рэспубліканскіх «Дажынак-2011», тым ярчэй уражанні ад іх, вастрэй пачуцці. Вось я і вырашыла распавесці пра ўдзел народнага клуба «Майстры Ігуменшчыны» ў святкаваннях.

Яшчэ ў працэсе падрыхтоўкі кожнаму раёну было прапанавана вызначыць асноўную тэму падворка. Канешне, умоўна, бо абсалютна ўсё вытрымаць у ёй дастаткова складана. Свой мы назвалі «Пчаліны рой». Па-першае, зыходзячы з герба горада Ігуменя і спрадвечных заняткаў яго жыхароў. А па-другое, бо нашы майстры — працалюбівыя, як пчолкі, і дружныя, як адна сям’я.

Трэба было не толькі зрабіць выставу вырабаў, а і на працягу двух дзён праводзіць забаўляльную праграму. Таму на нашай пляцоўцы выступалі «Чэрвеньскія балагуры». Праўда, не ў поўным саставе, а прадстаўленыя трыма салістамі — Андрэем Каленікам, Міхаілам Шчэрбачам, Паўлам Давідоўскім. А вядучымі былі два нашых маладых спецыялісты — Насця Камылевіч і Маша Давідоўская, у касцюмах… пчолак!

Было вельмі ярка і весела, бо спевакі самі па сабе жывыя і рухавыя… І нашы «пчолкі» дадавалі каларыту. Яны таксама падтанцоўвалі і падпявалі, забаўлялі і запрашалі гасцей на падворак. Іх шмат фатаграфавалі. Многа кампліментаў было ад гасцей з Расіі.

Яшчэ нашы майстрыхі дапамагалі рабіць касцюм для дзяўчыны, якая ўдзельнічала ў шэсці «Дзіва Міншчыны». Ён павінен быў мець упрыгажэнні з саломы ў любым варыянце. Наша «дзіва», вучаніца СШ №3 Віка Жук, глядзелася цудоўна! Удзельнічала ў шэсці і прысутнічала на галоўнай пляцоўцы падчас уручэння ўзнагарод героям жніва. Калі Віка вярнулася на падворак, знайшлося шмат ахвочых з ёю сфатаграфавацца.

Ну, а майстроў, сяброў клуба, мы ўзялі лепшых з лепшых, з адметнымі вырабамі. Гэта Тамара Шалупенка і Галіна Ліфанава з Вайнілава (саломка), Арцём Захарчук са Сняжкоў (мэбля з лазы), Ірына Фабінюк з дачкой Юляй з Чэрвеня (вышыўка). А новы для нас чалавек — Святлана Місцейка са Смілавічаў (карціны са скуры). На працягу двух дзён яны знаёмілі наведвальнікаў са сваімі вырабамі, распавядалі пра тэхніку выканання, адказвалі на шматлікія пытанні.

Безумоўна, майстроў у Маладзечне сабралася вялікае мноства. І яны да нас прыходзілі, і мы да іх. Адбываўся абмен вопытам, што вельмі карысна. Думаю, што гэта дало стымул майстрам Чэрвеньшчыны, штуршок да далейшага самаўдасканальвання ўласнага майстэрства.

 

Паколькі падворак наш меў назву «Пчаліны рой», дык мы не маглі абысціся без мёду. Напачатку хацелі запрасіць кагосьці з прыватнікаў. Але пасля прыгадалі публікацыю ў «Раённым весніку» пра кірмаш мёду ў Смілавічах — і патэлефанавалі дырэктару тамтэйшага аграрнага каледжа Тамары Сень. Яна пагадзілася, і выставу-дэгустацыю мёду зладзілі Валянціна Дзенісовіч і Наталля Малахава. Шчыра дзякуем усім тром добразычлівым жанчынам!

Апрача мёду, супрацоўніцы каледжа прывезлі з сабой стэнды, якія распавядалі пра гэтую навучальную ўстанову. Адначасова ішла прафарыентацыя. Было вельмі прыемна, што падыходзілі маладыя людзі, якія колькі гадоў таму заканчвалі Смілавіцкі аграрны каледж. Яны шчыра радаваліся сустрэчы. Увогуле, моладзі было шмат. Так што, магчыма, хтосьці і абярэ гэтую ўстанову адукацыі для сваёй далейшай вучобы. І яшчэ мы прывезлі буклеты з інфармацыяй пра нашых майстроў і каляндарыкі з фотаздымкамі выстаў і майстроў, кантактнымі тэлефонамі.

Уражанні ад удзелу ў «Дажынках-2011» засталіся самымі найлепшымі. Спадзяюся, мы годна прадставілі Чэрвеньшчыну на рэспубліканскім узроўні.

Святлана РАЗУМОЎСКАЯ,

мастацкі кіраўнік раённага цэнтра культуры і адпачынку, кіраўнік народнага клуба «Майстры Ігуменшчыны».

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *