Нiчыйны сiндром

Спорт

Футбол: чэмпіянат Мінскай вобласці. 2 ліга. 11-12 туры

ФК «Капыль» — «Колас» (Чэрвень) — 2:2.

Капыль. Гарадскі стадыён. 20 жніўня. Пахмурна, на працягу матча — дождж. 22 градусы.100 гледачоў.

«Колас»: Курыловіч, Канашэвіч, Качановіч, Камісаранка, Палтаржыцкі, Прытыка, Аладка, Шалабнёў, Ліпніцкі, Свірыдовіч, Шмідаў.

Галы ў «Коласа» — Прытыка (37), Шалабнёў (70).

«Колас» выехаў у Капыль аслабленым саставам. Шэраг вядучых ігракоў па розных прычынах не здолелі дапамагчы камандзе. Тым не менш, чэрвеньцы годна супрацьстаялі гаспадарам поля.

За восем хвілін да перапынку нашы адкрылі лік. Вызначыўся Ілля Прытыка, які дабіў мяч у вароты пасля няўпэўненай гульні галкіпера ФК «Капыль».

Бліжэй да сярэдзіны другога тайма капыляне аднавілі раўнавагу ў ліку, але праз чатыры хвіліны «Колас» зноў выйшаў наперад. Пасля навеса са штрафнога самым спрытным у штурханіне ля варот сапернікаў аказаўся Максім Шалабнёў.

На жаль, утрымаць пераможны лік чэрвеньцам не ўдалося. Пад акампанемент дажджу гаспадары поля на апошняй хвіліне сустрэчы здолелі пазбегнуць паражэння. Нічыя — 2:2.

 

«Колас» (Чэрвень) — «Беразіно» — 0:0.

Чэрвень. Гарадскі стадыён. 28 жніўня. 25 градусаў.150 гледачоў.

«Колас»: Курыловіч, Аладка, Качановіч, Камісаранка, Прытыка (Ліпніцкі, 46), Канцур (Чысты, 54), Сасункевіч, Суша, Свірыдовіч, Шмідаў (Шалабнёў, 46), Яблонскі (Дзмітрый Трапашка, 75).

 

Бярэзінцы выйшлі на поле стадыёна ў Чэрвені ў ранзе датэрміновых пераможцаў чэмпіянату. Здавалася б, біцца за перамогу ў гэтым матчы ім было без вялікай патрэбы. Тым не менш, нашы суседзі не сталі адбываць нумар, а з вялікай ахвотай ішлі да варот «Коласа». Чэрвеньцы дома згулялі лепш, чым у сустрэчы ў Беразіно, якую прайгралі, але парадаваць сваіх балельшчыкаў перамогай, ці хаця б галамі так і не ўдалося.

Другая запар нічыя не дазволіла «Коласу» палепшыць сваё турнірнае становішча. Увогуле, наша каманда павінна была згубіць у нядзелю нават тэарэтычныя шанцы на другое месца ў чэмпіянаце. Аднак нясвіжскія «Медпрэпараты» нечакана прайгралі на сваім полі камандзе «Валожын-2010». І цяпер пры пэўным раскладзе такія шанцы ёсць. Калі ФК «Крупкі» пераможа на сваім полі «Медпрэпараты», а потым саступіць у гасцях ФК «Капыль», то перамога «Коласа» над «Валожынам-2010» дасць нашым футбалістам пуцёўку ў першую лігу. Як кажуць, надзея памірае апошняй…

Матч «Колас» — «Валожын-2010» адбудзецца на гарадскім стадыёне ў Чэрвені 10 верасня. Пачатак — у 16 гадзін.

Ігар АДАМОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *