Народны каляндар. Верасень

Общество

Ад пачатку верасня бярэ пачатак восень. Народныя прыкметы малююць крыху панылыя, але яшчэ з пробліскамі сонца карціны: “Верасень – з досвіткам дзень”, паказваючы гэтым самым паступовае скарачэнне дня. Усё мацней бяруцца халады, звычнымі робяцца туманы, ападае лісце з дрэваў, чырванеюць рабіны: “У верасні адна ягада – ды тая горкая рабіна”. Але земляроб мае чым парадавацца падчас прыроднай сумоты, бо хоць “верасень месяц халодны, але сыты”. Нездарма гаварылі: “Як настане верасень, у гаспадара поўна гумно і кішэнь”.

5 верасня – пакутнік Лупа. Як і наогул першая дэкада верасня, прызнаваўся ўдалым для азімай сяўбы – тады, маўляў, “на Лупа будзе жыта купа”.

7 верасня – святы Варфаламей (у народзе Баўтрамей). Імя яго рыфмавалася з адпаведнымі гэтай працы аграрнымі работамі: “Прыйшоў Баўтрамей – жыта на зіму сей”. У гэты ж дзень прадугледжваўся адлёт у вырай буслоў, іх зварот праз дзевяць месяцаў падмацоўваў тлумачэнне, што дзяцей прыносяць менавіта гэтыя птушкі: Святы Баўтрамей высылае буслоў на дзяцей”.  10 верасня – Майсей. Невядома з якой прычыны шанаваўся як збавіцель ад п’янства, асабліва запойнага. Таму жанчыны, што пакутавалі ад мужоў-п’яніц, звярталіся менавіта да Майсея па дапамогу.

11 верасня – адсячэнне галавы Іаана Прадцечы. У народзе меў назвы Іван Галавасек (Галаварэз, Сценцель) або Іван Калінавік (Каліннік). Адзначаўся праваслаўнай царквою строгім постам. На Галавасека нельга было есці круглых пладоў, каб не спадобіцца Ірадыядзе, якая забаўлялася галавою Іаана Хрысціцеля, як яблыкам. Баяліся варыць чырвонае бацвінне, бо ў доме на працягу года пральецца чыя-небудзь кроў. Забаранялася рэзаць нажамі і сячы сякерамі ўсё, што мела круглыя абрысы, нават хлеб кроілі загадзя ці ламалі яго рукамі. Ужо сама назва свята падказвала паклапаціцца і пра ўласную галаву. А каб яна не балела, ламалі на Галавасека каліну, што якраз спела, і варылі з яе кісель ці кашу з аржаной мукой ці цукрам.

14 верасня – Сямён Стоўпнік (“Стаўбун”). Лічыўся за апошні дзень сяўбы азімых: “Святы Сымон – а й сявец дамоў”. Паводле народнага павер’я, жыта, пасеянае ў гэты дзень, не будзе баяцца павалу, будзе трымацца “станьком”, высокае, але неўмалотнае. А каб засцерагчыся неўмалоту, няпоўных каласоў, забаранялі на Сымона малаціць. Павер’ем служыла сугучнасць: “семя” і “Сямён”. Гэты святы станавіўся нібы павераным селяніна ў зерневую справу. Наогул, селянін кожны этап да будучай сяўбы азімых “даручаў” асобнаму святому: “Да Пятра трэба зямлю паараць, да Іллі – узбаранаваць, да вялікай Прачыстай – памяшаць і да Сямёна – жыта ўзараць”. Яшчэ адляталі птушкі ў вырай. З Сымонам звязвалася павер’е, быццам ластаўкі хаваюцца на зіму ў ваду. На Сымона, як і на Баўтрамея, знішчалі ў хаце мух.

Другая палова верасня і пачатак кастрычніка ў народным календары звязваліся з пацяпленнем і мелі назву “бабіна лета”, таму што на гэты час прыпадала пераважна “бабская работа” на агародзе і ў полі. Пагоднае надвор’е спрыяла ўборцы агародніны, бульбы, у гэты час церлі, трапалі лён і каноплі.

19 верасня — Цуд. Дзень успаміну цуду архістраціга Міхаіла. Гэта не было свята: лічылі, калі хто сее жыта і не ведае, што за дзень, то ўродзіць цудоўная збажына, а калі хто даведаецца ці ўспомніць, але не спыніць работу — з ураджаю выйдзе цуд наадварот.

21 верасня — праваслаўныя вернікі святкуюць нараджэнне Прасвятой Багродзіцы. Ёсць і іншая назва — Багач. Гэтае свята звязана з заканчэннем земляробчых работ і збору ўраджаю. Багачом таксама называлi кошык з жытам i свечкаю (жыта намалочвалi з першага зажыначнага снапа i зносiлi па жменьцы з кожнага двара). З багачом абыходзiлi ўсе двары ў вёсцы, а на заканчэнне заганялi на выгане статак i абносiлi вакол яго багач. Пасля свята яго ставiлi ў хаце пэўнага гаспадара i пакiдалi да наступнага жнiва (за гэта ён частаваў удзельнiкаў урачыстага абходу). Верылі, што багач забяспечвае дому дабрабыт.

24 верасня — Тадора. “На Тадору ўсякае лета канчаецца”.

27 верасня — Узвіжанне (Здзвіжанне). Так у народзе называлася царкоўнае свята, звязанае з ушанаваннем крыжа, які ўздымаўся над натоўпам вернікаў. Народнае тлумачэнне назвы немудрагелістае: “Да Здзвіжання ўсё павінна быць здзвінута” — усе азімыя і яравыя павінны быць звезены з поля. Гэта апошняе свята, якое канчаткова “развітваецца” з летам. Калі на працягу верасня ліст на дрэвах трымаецца моцна — зіма не хутка прыйдзе.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *