З ПАДАРУНКАМІ Ў ЧЭРВЕНЬ

Общество

У аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў завіталі старшыня Мінскага абласного аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міра” Любоў Ермаловіч, намеснік старшыні праўлення Міжнароднага жаночага клуба Наталля Апостал і сябра гэтага ж клуба, прадстаўніца з Ірана Сіпідэ Херасані. Яны прывезлі прадукты харчавання беларускай вытворчасці. Госці ахвотна гутарылі з наведвальнікамі аддзялення, фатаграфаваліся з імі, з цікавасцю знаёміліся з іх творчымі працамі, слухалі аб праводзімай тут рабоце загадчыцу Валянціну Кацько, дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людмілу Шаркову і начальніка ўпраўлення па працы, занятасці, сацыяльнай абароне райвыканкама Міхаіла Самца, задавалі пытанні і самі распавядалі аб праводзімых імі дабрачынных мерапрыемствах.

Вось пра што распавяла Любоў Ермаловіч:

— Спонсарамі цяперашняй дабрачыннай акцыі выступілі прадстаўнікі іранскага народа, у якіх зараз Рамадан. Гэта — Сіпідэ Херасані, муж якой займаецца бізнесам у Беларусі, і яшчэ адна ўдзельніца клуба, якая нарадзіла сына. Падчас Рамадана мусульмане прысвячаюць сябе малітвам і добрым справам.

Наталля Апостал патлумачыла, што гэты іх візіт у Чэрвень з дабрачыннасцю першы, але не апошні. Ім спадабаліся дагледжаны і чысты горад, уважлівыя адносіны кіраўніцтва раёна, чуласць і адказнасць работнікаў аддзялення. Узрушыла цеплыня, што пануе тут, выклікалі захапленне творчыя работы людзей з фізічнымі адхіленнямі.

— Трэба жыць з тым, што Бог дае, — заўважыла Наталля Апостал. — Мы з глыбокай павагай успрынялі тутэйшых работнікаў, бо адчулі іх вялікую, шчырую душу, убачылі любоў да падапечных. У Міжнароднага клуба, які аб’ядноўвае жонак паслоў, дыпламатаў і замежных прадстаўнікоў, шмат дабрачынных праектаў. Мы пастараемся, каб у іх былі задзейнічаны і чэрвеньцы.

Эма МІКУЛЬСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *