Чакайце ў госці «Вёсачку», удзельнікі жніва!

Общество

Задорны бляск у вачах, звонкія галасы, мора абаяльнасці і артыстызму, любоў да песні… Плюс два баяны, яркія касцюмы… Усё гэта — ансамбль народнай песні «Вёсачка», які створаны з работнікаў аддзела культуры райвыканкама два месяцы таму.

Міхаіл Шчэрбач, Ніна Ціхановіч, Кацярына Лазарчук, Вольга Лаўніковіч, Людміла Зыль, Людміла Лепеш.

У мінулы чацвер яго кіраўнік і акампаніятар Людміла Лепеш, акампаніятар і саліст Міхаіл Шчэрбач, салісткі Ларыса Зыль, Ніна Ціхановіч, Кацярына Лазарчук разам з вядучай, загадчыцай раённага аўтаклуба Вольгай Лаўніковіч распачалі творчую вандроўку па гаспадарках раёна, каб прыгожымі песнямі, задорнымі воклічамі, прытанцоўкамі ўзняць настрой удзельнікам жніва-2011.

У той то дажджлівы, то пагодны дзень выступленні самадзейных артыстаў пачулі на зернятоках ці ля камбайнаў у КСУП «Эксперыментальная база «Натальеўск», КСУП «Ганута-Агра», ААТ «Лядзенскі» і сельгасфіліяле «Велікаполле» КУП «Мінсктранс». Распачыналіся яны прыгожай беларускай песняй «Вёсачка», якая дала назву творчаму калектыву, а працягваліся рускімі і беларускімі народнымі песнямі, сярод якіх была і задорная «Чарка на пасашок». Прымалі ансамбль прыязна — усміхаліся, падпявалі, прытанцоўвалі, узнагароджвалі апладысментамі, дзякавалі…

Прыемна ўзрушанымі былі не толькі вяскоўцы, але і самі ўдзельнікі калектыву. Яны жыва абменьваліся ўражаннямі, абмяркоўвалі парадак выступленняў, дамаўляліся аб наступных вандроўках, якіх шмат яшчэ мяркуюць зрабіць… Чакайце ў госці «Вёсачку», удзельнікі жніва!

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *