
Больш за 9 тысяч тон сенажу разлічваюць назапасіць для грамадскага статку на зімовы стойлавы перыяд у адкрытым акцыянерным таварыстве «Валевачы».
Зладжаная і арганізаваная работа кожнага, хто задзейнічаны ў нарыхтоўцы кармоў, спрыяе хуткім тэмпам работ. Па стану на 7 чэрвеня тут назапашана па 3,72 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Травы скошаны на 440 гектарах з 660. Нарыхтавана 2750 тон сенажу і 35 — сена.
— У адрозненне ад мінулых гадоў, нарыхтоўваем сянаж толькі з папярэднім правяльваннем зялёнай масы, — распавядае дырэктар ААТ «Валевачы» Пётр Малахаў. — Гэта разам са строгім выкананнем тэхналогіі закладкі кармоў істотна павялічвае іх якасць.
Асноўны аб’ём работ на касьбе траў выконваюць механізатары Сяргей Кавалевіч на новай ротарнай касілцы «КПР-9» і Іван Савіч. На ўтварэнні валкоў задзейнічаны Уладзімір Колтун. Падборку масы вядуць Андрэй Крот і Уладзімір Барабанаў на кормаўборачных комплексах «Палессе», адвозяць яе ў сянажную траншэю Сяргей Гірынскі на трактары «Фэндт», Аляксандр Акуліч, Вячаслаў Заголька, Аляксей Радчук, Дзмітрый Знак і Іван Сныткоў за «МАЗах». Трамбуем сянаж кругласутачна: у дзённую змену на траншэі працуе Іван Серыхан на «Амкадоры», у начную — Аляксандр Астрамовіч на «К-701″…
Як зазначыў Пётр Малахаў, важную ролю ў хуткай і якаснай нарыхтоўцы кармоў мае матэрыяльнае заахвочванне яе ўдзельнікаў. Яно напрамую залежыць ад вынікаў працы. Так, кожны гектар убранай масы звыш устаноўленага задання аплочваецца механізатарам у двайным памеры. А пры закладцы тоны сенажу за тры дні кормаўборачны атрад атрымлівае мільён рублёў прэміі…
Паводле слоў Пятра Малахава, з першага ўкосу, згодна заключаных дагавораў, забяспечаць сенам насельніцтва. Пры гэтым гаспадарка бясплатна прывязе рулоны кожнаму на сядзібу.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара