І захапленне, і прызванне, і справа ўсяго жыцця

Общество

Усё гэта для нашага даўняга падпісчыка, работніка Чэрвеньскага аўтапарка №20 Сяргея Іванавіча Міралевіча заключана ў машынах — іх ваджэнні, рамонце, доглядзе… Яно і не дзіўна, бо з самага дзяцінства быў прыклад перад вачыма — тата, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Пятровіч Міралевіч, работнік гэтага ж самага аўтапарка, дзе стажу «набегла» ажно 40 гадоў! Няма ўжо на свеце чалавека, але яго справу працягваюць сыны…


Услед за бацькам у гэтую арганізацыю прыйшоў малодшы — Іван, які адпрацаваў там 33 гады з лішкам. Зараз ён — інструктар і механік у ДТСААФ. Такі ж стаж і ў Сяргея Міралевіча, які працягвае рабіць у аўтапарку №20. Атрымліваецца, гэтая дынастыя вадзіцеляў і механікаў мае сумеснага стажу больш за 100 гадоў! Сапраўды, прадмет гонару ўсёй Чэрвеньшчыны!
Зразумела, з самага дзяцінства цікаўныя малыя, а іх у сям’і Міралевічаў гадавалася пяцёра — трое дачок і двое сыноў, дэталёва абследавалі татаў рабочы «ЗІЛ» з прычэпам. Прычым якраз-такі Сяргей найбольш вылучыўся…
— Я яшчэ невялікім быў, — прыгадвае, — калі залез за баранку. Аднойчы тата сеў абедаць, а мы з сястрой — у машыну! На стартэр цяжка было націскаць, гэта больш старэйшая сястра рабіла, а я «кіраваў». Ну, і заехалі… ў студню. Тата тады, як кажуць, «правёў сярод нас выхаваўчую работу»…
Толькі гэтыя меры не зменшылі цікаўнасць хлопца да тэхнікі. Але так склалася ў жыцці, што перад службай у войску пасля заканчэння Смілавіцкага СПТВ-23 ён папрацаваў у тагачасным саўгасе «Натальеўск» электрыкам. Ды і ў войску вырашыў застацца на звыштэрміновую. У агульнай складанасці начальнік разліку аўтаматызаваных сродкаў аховы (ракетныя войскі) прапаршчык Сяргей Міралевіч праслужыў у расійскім горадзе Балагое восем гадоў, зарабіўшы ўзнагароду — медаль «За отличие в воинской службе» другой ступені ад Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.
І ўсё ж цягнула яго ўвесь час да машын. Таму, вярнуўшыся на Радзіму, скончыў вадзіцельскія курсы. Паступова адкрыў усе катэгорыі. І ўжо месцам яго працы стаў Чэрвеньскі аўтапарк №20…
Шмат чаго прыгадваецца Сяргею Іванавічу зараз, калі за плячыма такі стаж. Напрыклад, як доўгі час рабіў вадзіцелем «ГАЗ-53», вазіў пошту. Бо ў той час арганізацыі раёна ў пераважнай большасці не мелі ўласнага транспарту. Такія паслугі аказваў аўтапарк №20. Вадзіцелям і суправаджаючым выдавалі табельную зброю, рэгулярна збіралі на стрэльбішчы…
Прыгадвае, як у 1989-ым трапіў на паўгода на вайсковыя зборы. І не куды-небудзь, а ў Чарнобыльскую зону.
— Насілі форму, жылі ў палатках у Чэрыкаўскім раёне, — распавядае Сяргей Міралевіч. — Я туды паехаў на машыне «ЗІЛ» нашага аўтапарка. Пытаецеся, ці быў згодны?
Ну, я ж салдат. А салдат заўсёды гатовы выконваць загады Радзімы! Тыя, хто не меў спецыяльнасці, зрывалі грунт, грузілі на машыны. А мы адвозілі яго на могільнікі. Затым у кар’еры грузілі жоўты пясок і ім засыпалі зямлю…
Падчас крызісу 90-х грузавы транспарт аўтапарка №20 стаў незапатрабаваным, і Сяргея Міралевіча перавялі механікам. Мудрагелістасцям рамонту ён у свой час навучыўся ад бацькі. А пасля ўжо завочна скончыў Мінскі аўтамеханічны тэхнікум. Цяпер у гэтай установе адукацыі завочна вучыцца яго меншы сын — Іван. Яшчэ раней скончыў тэхнікум пляменнік, поўны цёзка — Сяргей Іванавіч. Так што ёсць у дынастыі Міралевічаў працяг! Між іншым, вадзіцельскія пасведчанні маюць і дзве з трох дачок Івана Пятровіча.
Усіх работнікаў аўтапарка №20 з вадзіцельскай дынастыі Міралевічаў цанілі і цэняць там. З імі разам працавала начальнік грузавой службы Галіна Гантарэнка. Дарэчы, ініцыятар гэтага аповеду, за што ёй шчырая ўдзячнасць. І водгукі яе — самыя добрыя.
— І Сяргей, і бацька яго — актыўныя, выканальныя, — зазначае Галіна Мікалаеўна. — У свой час Сяргей Іванавіч быў брыгадзірам брыгады, якая развозіла па раёну пошту. Граматны вадзіцель, добры механік. З ім проста працаваць, бо вельмі адказны…
Напрыканцы мая Сяргей Іванавіч Міралевіч адсвяткаваў сваё 60-годдзе. Шчыра жадаем, каб і далей па жыцці нашаму шаноўнаму падпісчыку спадарожнічала ўдача, роўнай была дарогамі пад коламі ўласнага легкавіка, моцным — здароўе, трывалым — дабрабыт, любячай — сям’я!
Святлана АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *