АКЦЫЯ КРОЧЫЦЬ ПА РАЁНУ

Общество

Чытаць па-беларуску запрашае сваіх юных і дарослых наведвальнікаў бібліятэкар Турэцкай бібліятэкі Вольга Салдаценка. У рамках акцыі, якая з пачатку гэтага года праходзіць ва ўсіх бібліятэках Чэрвеньшчыны, яна аформіла аднайменную выставу. І чытачы адразу ж звяртаюць на яе ўвагу, цікавяцца. Вольга Салдаценка ахвотна адказвае на пытанні, раіць, прапаноўвае… І ўсё гэта — на мілагучнай роднай мове.


На палічцы «Каларытнае і трапнае беларускае слова» бібліятэкар размясціла кнігі сваёй любімай Яўгеніі Янішчыц, а таксама — Еўдакіі Лось, Максіма Танка, Уладзіміра Карызны. На палічцы «Апавяданне па-беларуску» сабрана літаратура для школьнікаў — «Князь Вітаўт», «Прынцэса тусоўкі», «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца»… Красамоўныя назвы, прыгожае афармленне прыцягваюць юных аматараў чытання. На палічцы «Кнігі з аўтографам» размясціліся творы Уладзіміра Мароза, Сяргея Законнікава, Вольгі Іпатавай, якія Вольга Салдаценка набывала падчас творчых сустрэчаў з гэтымі аўтарамі ў Чэрвені. Тут жа яна змясціла ўпадабанае выказванне паэта Ніла Гілевіча: «Любіце беларускую кнігу, бо пра Беларусь ніхто, акрамя беларускіх аўтараў, не піша». Назва палічкі «Паэтычныя творы землякоў» сведчыць сама за сябе. На ёй прадстаўлены зборнікі Генадзя Аўласенкі, Валянціна Дзядзюка, Юрыя Бабіча, Святланы Адамовіч.
Па словах бібліятэкара Вольгі Салдаценка, выстава «Чытаем па-беларуску» запатрабаваная. Вельмі прыемна, што замаўляюць кнігі на роднай мове як дзеці, так і дарослыя. Выстава ў Турэцкай бібліятэцы будзе дзейнічаць да канца гэтага года.
Святлана АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *