Мужнасць і боль генерала

Общество

Працяг

ТАК ПАЧЫНАЛІ ЗМАГАННЕ

У пошуку сувязі з вайскоўцамі, якія аселі ў горадзе, Нічыпаровіч натрапіў у жніўні 1941 года на камандзіра батарэі 208-й мотадывізіі Смірнова. Той паведаміў, што ў Мінску знаходзіцца былы начальнік штаба 208-й мотадывізіі падпалкоўнік Джоеў і начальнік 4-га аддзялення штаба гэтай дывізіі Дружынін. Неўзабаве адбылася сустрэча Нічыпаровіча з Джоевым, палкоўнікам Айрапетавым, падпалкоўнікам Джыгаевым, капітанамі Арцюшыным, Бурцавым, Кудзінавым, лейтэнантамі Аліскам, Ананьевым, Грачовым, Сакаловым. Гэтай групай яны час ад часу рабілі напады на немцаў. Дзейнічаць даводзілася ў выключна цяжкіх абставінах. Іх першымі сумеснымі аперацыямі былі дыверсіі на ўчастку чыгункі Калодзежы-Мінск. Без узрыўчаткі рабіць гэта было складана. Выйсце прапанаваў Іваноў — у мінулым спецыяліст-чыгуначнік. У прыватнасці, “расшываць” участкі чыгункі. Яны выцягнулі некалькі кастылёў, на іх месца паставілі драўляныя пробкі, замазалі іх зверху для маскіроўкі. Такім чынам “расшылі” каля 50 метраў чыгуначнага палатна. Поезд сышоў з рэек. Апошнія чатыры вагоны былі поўнасцю разбіты. Затым падпалілі склад з гаручым, майстэрню, дзе фашысты рамантавалі аўтамашыны…

Паводле архіўных звестак, па заданню палкоўніка Нічыпаровіча ў адным з баракаў П.Ф.Казіміраў устанавіў радыёпрыёмнік і пачаў прымаць перадачы Маскоўскага радыё. Па зводкі прыходзіў сам Нічыпаровіч альбо яго сябры.

Тым часам, то ў адным, то ў другім месцы руінаў пачалі прападаць немцы. Забіваючы іх, вайскоўцы завалодвалі зброяй, яе станавілася ўсё больш і больш. Чуткі аб дзейнасці адважных патрыётаў пайшлі па Мінску. Але адарванасць ад буйных сіл, якія змагаліся з ворагам,  заставалася цяжарам для Нічыпаровіча і яго баявых сяброў. І ўсё ж яны верылі, што хтосьці застаўся ў Мінску для арганізацыі супраціўлення ворагу, і шукалі з імі сувязь. Гэтай мэтай былі таксама апантаныя батальённы камісар Бывалы і палітрук Бачароў.

Толькі нашмат пазней стала вядома, што з-за скарацечнасці ваенных падзей ні рэспубліканскім, ні гарадскім уладам не ўдалося пакінуць у Мінску спецыяльныя групы для арганізацыі будучага супраціўлення. Узнікненне антыфашысцкага руху адбывалася самавольна. Яго аснову складалі былыя савецкія ваеннаслужачыя, жыхары Мінска, бежанцы з заходніх раёнаў Беларусі, вязні гета, ваеннапалонныя. Адметным фактарам станавілася ўзнікненне падпольных  груп і арганізацый на буйных прадпрыемствах і ва ўстановах, якія мелі важнае ваеннае значэнне. Так з’яўляліся ўмовы для стварэння ў Мінску гарадскога антыфашысцкага цэнтра. Як сведчаць архіўныя матэрыялы, разам з іншымі патрыётамі свой актыўны ўклад у гэтую высакародную справу ўнёс і палкоўнік Нічыпаровіч.

У другой палове верасня 1941 года Бываламу ўдалося атрымаць адрас для яўкі і сустрэцца з падпольшчыкамі, якія прыкмецілі дзейнасць групы вайсковых. Адбылося іх знаёмства на кватэры камандзіра Чырвонай Арміі Георгія Глухава, які жыў на Савецкай вуліцы непадалёку ад Дома Ўрада. Акрамя гаспадара кватэры, тут было яшчэ некалькі чалавек. Размова ішла аб неабходнасці арганізоўваць партызанскія атрады. Рашаючую ролю ў гэтым павінны былі адыграць вайскоўцы, якія мелі адпаведную падрыхтоўку, уменне кіраваць людзьмі ў баі. Таму ставілася задача шукаць новыя сувязі з байцамі і камандзірамі, выводзіць іх з лагера ваеннапалонных. Усе, хто браў удзел у той сустрэчы, былі ўпэўненымі, што калі людзі заўважаць канкрэтныя справы патрыётаў, нястачы ў байцах не будзе.

У хуткім часе Бачароў паведаміў Бываламу, што натрапіў на след нейкага палкоўніка, які мае партызанскі атрад. Сустрэча з ім была прызначана ў руінах каля тэатра оперы і балета. Размова атрымалася кароткай: кожны баяўся правакацыі. Дамовіліся пабачыцца назаўтра на Чэрвенькім рынку. Так і зрабілі. Калі абодва выйшлі з натоўпу, Нічыпаровіч прызнаўся, што атрада ў яго яшчэ няма, але можна стварыць і прапанаваў разам заняцца гэтым.

(Працяг будзе)

Аляксандр БУШЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *