Ачуняла матуля ў дзень Перамогi

Общество

Набліжаецца 66-ая гадавіна Перамогі. І мне хочацца выканаць запаведнае жаданне маёй матулі, якой сёлета споўніцца 85 гадоў. Яна даўно просіць нас напісаць у газету ўспаміны аб тым, як жылі ў акупацыі і змагаліся з ворагам яе землякі — ураджэнцы самай прыгожай, на мой погляд, вёскі Петравінка, што суседнічае з пасёлкам Азёрны і вёскай Убель.

… Калі пачалася вайна, матулі, Валянціне Лукінічне Крывіцкай, ішоў пятнаццаты год. У гэтым узросце ўсе падзеі ўспрымаюцца вельмі востра, і памятаюць аб іх усё жыццё. Таму мы з самага дзяцінства чулі ад яе шмат расповедаў пра жахі вайны, пра барацьбу партызанаў, атрад якіх дзейнічаў у кліноцкіх лясах.

Першымі прыкметамі вайны былі абпаленыя абрыўкі паперы, якія даляталі па ветры да вёскі, відаць, ажно з гарэўшага ад бамбёжак Мінска. Потым па дарозе за вёскай адступалі нашы войскі, затым па ёй жа прайшлі нямецкія захопнікі. Так Петравінка апынулася пад акупантамі.

Многа гора давялося перажыць яе жыхарам. Мама расказвае, што ні па вуліцы нельга было прайсці без страху, ні ў поле выйсці. Аднойчы, калі яны з бацькам сеялі жыта, па іх з боку вёскі Смоленка пачалі страляць з гарматы. На шчасце, не патрапілі. Ім удалося схавацца ў бліжэйшым лесе. На полі кінулі і жыта, і барану…

А колькі даводзілася ўцякаць ад абстрэлу і бамбёжак з вёскі і начаваць у лесе! Мама расказвае, што першай справай яна як старэйшая і спрытнейшая хапала на повад карову і з ёй уцякала ў лес. Там начавала. Бывала, што адстаўшы ад сям’і. У лістападзе, каб не замерзнуць ноччу, спала, прытуліўшыся да каровінага боку…

Простыя людзі, такія, як мая бабуля, Агаф’я Мікалаеўна Крывіцкая, пяклі хлеб для партызанаў. Мая матуля часта насіла яго і малако ў лес народным мсціўцам.

Самы жах перажылі жыхары Петравінкі і Убеля, калі ў 1943 годзе немцы спалілі іх вёскі. Матуля расказвае, як выганялі з хат і зямлянак людзей, а хаты ўслед падпальвалі. Вяскоўцаў гналі па вуліцы. Ва Убелі сагналі ўсіх у хлеў. Але, на шчасце, не паспелі падпаліць, бо з валевачоўскага лесу падаспелі партызаны. Завязаўся жорсткі бой са стралянінай, людзі пачалі разбягацца. Ніхто не ведаў, дзе родныя, ці жывыя яны. Мая мама кінулася ў бульбяную баразну і ляжала, баючыся ўзняць галаву. Міма прабягаў партызан. Пытаецца: «Дзяўчынка, ты не параненая? Калі не, бяжы адсюль у лес. Як пашанцуе, то не заб’юць…»

З аднаго боку, людзям пашанцавала — яны засталіся жывыя. А з другога… Усё ж згарэла, пачаўся голад. Калі ў ліпені 44-га на фронт праводзілі бацьку, то зварылі поліўку з бульбінак, якія выраслі ў склепе на парастках. Сэрца абліваецца крывёю, калі слухаем расповеды мамы пра тое, як хацелася ім есці, як пастаянна адчувалі голад. У гэты час памёр ад дыфтэрыту малодшы брат. Папрасіўся: «Валя, панасі мяне на ручках». І так у яе на руках і памёр… Потым, у канцы вайны, і сама матуля захварэла на тыф. Пашчасціла ачуняць. І першы раз пасля хваробы мая васемнаццацігадовая мамачка ўстала на ногі ў Дзень Перамогі. Усе людзі з радасцю спяшаліся на мітынг у Смілавічы. А яна, як старэнькая бабулька, з кіёчкам, ледзь выйшла з зямлянкі на сонейка…

Мы, дзеці і ўнукі, стараемся зберагчы матуліны ўспаміны. Яны яскравыя, як і ўсе пачуцці, якія перажываюцца ў маладосці. Вельмі шкада, што на самую прыгожую пару ў жыцці маёй мамачкі выпалі такія выпрабаванні.

Яна заўсёды заканчвае свае аповеды словамі: «Не дай вам Бог, дзеткі, зведаць вайны. Ні вам, ні вашым дзецям і ўнукам…»

Таццяна ЗАБАЎСКАЯ,

г.п.Смілавічы

P.S. На жаль, з кожным годам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны становіцца ўсё меней і меней. Ды і тых, хто быў у вогненныя саракавыя дзецьмі, таксама ўжо няшмат. Але ім ёсць што ўспомніць і пра што распавесці нам…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *