Стартаваў другі этап конкурсу «Настаўнік года»

Актуальное Общество

Гэты этап – раённы. Ён праходзіць у два туры: першы, які ўжо адбыўся, – завочны. На яго неабходна было прадставіць пісьмовы праект адкрытага ўрока і самапрэзентацыю. Другі тур уключае выступленне па тэме: “Настаўнік 21 стагоддзя” і адкрыты ўрок у незнаёмым класе.

У мінулы панядзелак у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі г.Чэрвеня свае выступленні прадставілі 10 педагогаў раёна: Аксана Штык, настаўніца хіміі СШ №3 г.Чэрвеня; Юлія Гапановіч-Бабарыка, настаўніца хіміі СШ №1 г.п.Смілавічы; Вольга Ермаловіч, настаўніца біялогіі Валевачоўскай СШ; Мадзіна Салаева, настаўніца англійскай мовы Запольскай СШ; Ганна Драбеня, настаўніца англійскай мовы гімназіі №1 імя У.А.Караля; Юлія Карташова, настаўніца англійскай мовы СШ №4 г.Чэрвеня; Наталля Суднік, настаўнік-дэфектолаг СШ№4; Вольга Сівак, настаўніца пачатковых класаў СШ№2 г.п.Смілавічы; Валерый Захараў, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Хутарскага дзіцячага сада-сярэдняй школы і Алёна Сянчук, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Руднянскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

Канкурсантаў ацэньвала журы ў складзе начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларысы Асановіч, старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Віталя Труша, работнікаў упраўлення па адукацыі, спорту і турызму.

Педагогі, якія сабраліся пазмагацца за званне “Настаўнік года”, — людзі, незвычайныя ва ўсім: творчыя, натхнёныя, абаяльныя. У гэтым упэўнілася не толькі журы, але і настаўнікі, і кіраўнікі ўстаноў адукацыі, якія прыйшлі “пахварэць” за сваіх калег.

Кожны з удзельнікаў конкурсу, прадэманстраваў не толькі талент педагога – гледачы дружна апладзіравалі вершам, песням, танцам і сцэнкам, якімі суправаджаліся іх выступленні.

Ларыса Асановіч, звяртаючыся з прывітальным словам да ўдзельнікаў конкурсу, адзначыла, што менавіта дзякуючы такім педагогам вучні займаюць прызавыя месцы ў алімпіядах і конкурсах розных узроўняў, паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, становяцца добрымі спецыялістамі і патрыётамі сваёй Радзімы. Яна падзякавала педагогам за ўдзел у конкурсе, у якім кожны меў магчымасць прадэманстраваць свой прафесіяналізм і разнастайныя таленты, і пажадала ўсім удачы, поспехаў, творчага натхнення.

На гэтым тыдні намінанты конкурсу спаборнічалі таксама на лепшы праведзены ўрок і выхаваўчую гадзіну. Пра гэта – у наступным нумары газеты.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара. На здымку: моманты выступленняў



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *