Працаваць на папярэджванне злачынстваў

Безопасность

Такую задачу паставіў пракурор Мінскай вобласці Аляксандр Архіпаў падчас каардынацыйнай нарады, на якой аналізавалася работа праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў па прафілактыцы злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян. Актуальнасць і значнасць вынесенага на парадак дня пытання надаваў ўзровень яе ўдзельнікаў. Гэта — прадстаўнікі праваахоўных органаў, грамадскіх арганізацый, райвыканкамаў, райсаветаў, пракуроры раёнаў, медыкі.

Нарада праходзіла ў Чэрвені.

— Жыццё і здароўе людзей, — зазначыў у выступленні Аляксандр Архіпаў, — з»яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю дзяржавы, і любы факт насільнай гібелі чалавека неабходна расцэньваць, як надзвычайнае здарэнне.

Аналізуючы вынікі агульнай прафілактычнай работы па барацьбе са злачыннасцю, удзельнікі нарады сумесна выпрацоўвалі канкрэтныя мерапрыемствы па захаванасці жыцця людзей у адпаведнасці з прынятай на 2010 — 2012 гады Дзяржаўнай праграмай па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй.

Па словах пракурора МІнскай вобласці вынікі сведчаць аб станоўчай дынаміцы. Так, летась на тэрыторыі вобласці зменшылася колькасць злачынстваў супраць жыцця і здароўя людзей. Іх зарэгістравана 706, у 2009 годзе было 770. Забойстваў летась было 95 выпадкаў , у 2009 годзе — 116, асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынства- — 223 супраць 268.

Разам з тым зазначалася, што хаця рост злачыннасці ў вобласці знізіўся на 10 працэнтаў, усе ж павелічэнне колькасці забойстваў, а таксама цяжкіх цялесных пашкоджанняў маюць месца ў многіх раёнах, у тым ліку і Чэрвеньскім.

Намеснік пракурора Сяргей Шыкунец у сваім выступленні звярнуў увагу на тое, што самым распаўсюджаным месцам цяжкіх злачынстваў і павышанай крымінагеннасці з»яўляецца жылы сектар. Асноўныя іх матывы — раптоўна ўзнікшыя непрыязныя адносіны паміж людзьмі, спрэчкі, бойкі. Па гэтай прычыне здзейснена каля 20 працэнтаў забойстваў і 31 працэнт наўмысна цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Застаецца высокай ўдзельная вага асоб, якія на момант здзяйснення злачынстваў нідзе не працавалі і не вучыліся.

Адной з сур»ёзных праблем удзельнікі нарады называлі рэцыдыўную злачыннасць. Прычыны гэтаму — складанасці з працаўладкаваннем асоб, якія вярнуліся з месц пазбаўлення волі, іх бытавыя праблемы, несвоечасова прымаемыя сумесныя прафілактычныя меры органаў унутраных спраў, мясцовай выканаўчай ўлады, грамадскасці. У выніку — кожны другі забойца ў мінулым быў асуджаны. Упушчэнні ў сумеснай рабоце дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый сказваюцца на павелічэнні пьянства і алкагалізму, што таксама цесна звязаны са злачыннасцю. У стане алкагольнага ап»янення здзейснена 85% забойстваў і больш за 72 працэнты наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Дзейснай мерай супраць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў з»яўляецца своечасовае рэагаванне на факты бытавога насілля шляхам узбуджэння спраў прэвентыўнага характару. Колькасць іх у мінулым годзе павялічылася з 239 да 287. Але ў гэтым накірунку ёсць праблемы, якія не залежаць ад органаў унутраных спраў, бо крымінальныя справы па гэтых фактах могуць быць узбуджаны толькі па ініцыятыве пацярпеўшых.

Адным з метадаў прафілактычнай работы са злачынцамі ўдзельнікі нарады называлі выязныя судовыя пасяджэнні, на якіх з дапамогай грамадскасці наглядна дэманструецца прынцып непазбежнасці пакарання.

З вялікай заклапочанасцю гаварылася аб злачыннасці сярод падлеткаў. І тут больш эфектыўна павінна сябе праявіць маладзёжная грамадская арганізацыя. А пакуль, па словах Сяргея Шыкунца, яна не прымае дзейсных мер па прафілактыцы сярод моладзі, індывідуальнай работы з непаўналетнімі.

Кожны з выступіўшых на нарадзе называў канкрэтныя меры, ажыццяўленне якіх павінна палепшыць прафілактычную работу па барацьбе са злачыннасцю. Усе прыйшлі да высновы, што ў гэтым напрамку, у першую чаргу, неабходна актывізаваць узаемадзеянне ўсіх грамадскіх фарміраванняў, мясцовых органаў улады, службовых асоб. Актыўней прыцягваць да яе дэпутатаў, старэйшын, якія больш за іншых ведаюць людзей на сваіх тэрыторыях. Толькі агульнымі намаганнямі, валодаючы сітуацыяй на месцах, можна дабіцца пэўных вынікаў у прафілактыцы і папярэджванні злачынстваў.

У рабоце нарады прымалі ўдзел намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Шчэцька і старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Святлана Герасімовіч.

Людміла РАБЕЦКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *