Ушанавалі воінаў-афганцаў

Общество

Штогод 15 лютага мы прыгадваем вайну ў Афганістане. Трое хлопцаў-прызыўнікоў з Раванічаў у свой час трапілі туды, у гарачую «кропку». Дзякуй Богу, вярнуліся… І яшчэ задоўга да вываду савецкіх войскаў мы падчас мерапрыемстваў да 23 лютага звычайна ўшаноўвалі воінаў-«афганцаў» і іх родных.

Двое з тых, хто ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у Афганістане, пасля выехалі з Раванічаў. Таму сёлета на мерапрыемства, прымеркаванае да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, у сельвыканкам завітаў толькі адзін — вадзіцель ААТ «Раванічы» Андрэй Гоман з жонкай.

Яму шчыра жадалі здароўя, дабрабыту, поспехаў у працы, мірнага неба над галавой. Старшыня сельвыканкама Вольга Тарасік, прадстаўнік прафкама мясцовай гаспадаркі Надзея Давыдоўская ўручылі Андрэю Гоману сувенір і матэрыяльную дапамогу. А ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці сельскага Дома культуры падаравалі кветкі і песню. Наш аднавясковец сардэчна дзякаваў за ўвагу.

Спадзяёмся, што ў гэты дзень, калі ўсіх воінаў-інтэрнацыяналістаў асабліва непакояць успаміны, мы хаця б крыху адцягнулі ўвагу Андрэя ад цяжкіх думак. Няхай ніколі больш не паўторыцца такая вайна…

Тамара ЛАДУЦЬКА,

мастацкі кіраўнік Раваніцкага сельскага Дома культуры.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *