Арэхаўка

Общество

…працяг

СТАРОНКІ ПАМЯЦІ

Той даўні дзіцячы боль навечна пасяліўся ў душы Аляксандры Пятроўны Блізнюк. З цягам часу нічога не забылася. І цяпер вось гартае яна старонкі памяці, узгадваючы мінулае. Як нярэдка бывае ў такіх выпадках з пажылымі людзьмі, “пераскоквае” з аднаго на другое, зноў вяртаецца да пачатку расповяду, удакладняе пэўныя факты:

— Я, знаеце, часам забываю, што ўчора рабіла, а ўсю вайну памятаю. Каторую ноч не сплю, дык перад вачыма, як наяву, захлівыя  яе малюнкі…

У нашай весцы жылі бежанцы. Яны кажуць маме: “Свізінская (яна мела  дзявочае прозвішча), бяры дзіця і ўцякай. Вунь у Рэпішчы партызанскія сем”і вісяць ужо”. А мама ў адказ: “Нікуды я не пабягу…” Але потым усё ж адумалася: пашыла мне палатняную торбачку, напоўніла яе сухарамі і падаліся мы ў лес. З намі яшчэ радня з Нівішча.  Ведалі, што недзе ля Паповай Грады наш бацька з партызанамі. Мы туды і трымалі кірунак. І ўжо былі блізка, як на так званым паповым полі самкнуліся партызаны з немцамі. Мы разбегліся хто куды. У гэты момант я ад мамы адлучылася. Як адчула, што адна засталася, — спужалася. Зняла с плячэй торбачку, кінула яе ў раллю на полі, прысыпала зямлёй, а куды падацца — не ведаю. Чую неўзабаве мамін голас: “Шура, дзе ты, Шура?”

Палавілі нас тады немцы.З іншых бліжэйшых вёсак — таксама. І пагналі  усіх разам на Лапічы. Па шляху туды ў вёсцы Весалова стаяла гумно, да вайны там цялят трымалі. На ноч нас у ім зачынілі. Вакол — бруд, ні сесьці, ні легчы. Стаім, чакаем свайго лёсу. Баімся, каб хаця не падпалілі. А тым часам, знаеце, немцы на дварэ бульбу ў лушпайках  варылі. Выпусцілі нас з гумна, паслалі куль саломы, высыпалі на яе бульбу і паказваюць: бярыце. Мама схапіла штук шэсць, бо радні было шмат з дзецьмі. Дала нам па бульбіне. Тады ставяць нас у два рады. Суседская дзяўчынка поруч з намі кажа маме: “Цёця, я паміраю, мяне запаленне хапіла. Дык мама хустачкай  перавязала, сціснула яе плечыкі. Падыходзіць немец: “Хворая?” — і дзяўчынку ў другі рад. Затым на мяне позірк кінуў. У гэты момант як хто падштурхнуў  пабегчы туды, дзе засталіся ля вогнішча шалупайкі ад бульбы, якой частаваліся немцы. Дзіця ж, есці хочацца.  Напхала я лушпаек у роцік, вымурзалася ўся і  тут мама мяне за косы ўхапіла і ў другі рад пацягнула. Гэтым і выратавалаліся, бо немцы  ператасавалі ўжо  людзей на свой лад: каго ў Германію. а каго — там на месцы пазбавіць жыцця…  З нашай шарэнгі ўсіх пагналі ў Лапічы, а затым у Асіповічы. На допытах мама стаяла на сваім: “Я не з партызанскай сям”і, мой мужык памёр…” І трэба ж так пашчасціць: у немцаў там служыў з нашых мясцін мужчына. Ен быў звязаны з падпольшчыкамі і нейкім чынам абараніў нас.  Дзякуй Богу, засталіся жывымі і ў Нямеччыну, якая навісала над намі, не вывезлі…

Але і пасля вайны гора хапілі. Бацька застаўся інвалідам. Дваццаць гадоў на калясачцы. Я, знаеце, не сядзела б у Арэхаўцы, але трэба было даглядаць, больш не было каму — я адна ў сям”і. Маці таксама хворая. Хто ім есці згатуе? Хто ў печы выпаліць? Я не магла іх кінуць.

Тата шмат што расказваў пра партызанскі атрад пад камандаваннем Ціхамірава. І з-за чаго стаў інвалідам. Ен не быў камуністам, але кроўю адважна абараняў Радзіму. Тады такіх шмат было адданых людзей. Успамінае часам тата і плача па сваіх загінуўшых сябрах.  А яго спачатку ў Маскву забралі ў ваенны шпіталь. Падлячылі там і пытаюцца: “Гантарэнка, у цябе дома хто жывы застаўся?” Кажа: “Жонка і дачка ёсць”. “То паедзь, пабачся з імі і вяртайся, будзем цябе далей лячыць…”

Але ен так і застаўся дома. Дзякуй Богу, савецкая ўлада не кінула, дапамагала. Калі што трэба, ён кажа: “Шура, напішы ў райсабес”. Я напішу яго просьбу, і ніколі не адмовілі ў помачы. Калі пачалі будавацца, бяплатны крэдыт давалі… І за яго здароўем сачылі. Прыедзе з Чэрвеня “хуткая дапамога” — у Бараўляны ў ваенны шпіталь завязе. Там шмат інвалідаў было: без рук, без ног. Сярод іх і афіцэры. Маме прапаноўвалі дактары пакінуць бацьку жыць у шпіталі, але яна не згадзілася. Бывае, наведваемся туды, дык нас усе хваляць: “Якія ў цябе, Гантарэнка, харошыя жонка і дачка…”

І урачы да яго ставіліся з павагай. Пытаюцца аднойчы: ”Гантарэнка, ці ёсць у тваёй Арэхаўцы дзе спусціцца самалёту? Мы цябе пад самую хату даставім”. Тата ажно разгубіўся: “Не, няма такога месца.” Тады яго ў Чэрвень самалётам пад бальніцу даставілі, а адтуль “хуткай дапамогай”  дамоў. Няма чаго наракаць — даглядалі, паважалі. Але на ногі паставіць ужо не маглі. На дваццаць гадоў прыкавала яго вайна да ложка і інваліднай каляскі. Мясцовыя мужчыны і хлопцы любілі да яго заходзіць, пагутарыць. Умеў тата сябраваць з людзьмі і ў такім становішчы. А калі, бывае, засумуе, выедзе часам на інваліднай калясачцы на вуліцу і да помніка кіруе. Супыніцца ў роздуме на нейкі час, нібы ўзгадвае. Многіх жа ведаў … Тут  у 1944 годдзе ажно 270 чалавек карнікі  спалілі. Сагналі з навакольных вёсак — Ачыжы, Чорнага Броду, Нівішча, Скрабінак, іншых паселішчаў у будынак і падпалілі. Нізашто жыцця пазвавілі… Пераважна гэта былі жанчыны і дзеці. Сярод іх маміна сястра Левакада Лазарэвіч. А гэта во пляменнікі — Вані  было два годзікі, Марыі — чатыры. А во асобная магілка жанчыны з Лочына. Муж, бедненькі, яму было пад дзевяноста гадоў, на веласіпедзе прыязджаў сюды да яе…

Ведаеце, як пагарэлі людзі, назаўтра ўсё пажарышча птушачкі ўкрылі. Сівенькія такія, малюсенькія. Раней іх ніхто не бачыў. Казалі, што гэта душы тых,  хто ў Бога верыць. Тады на трэці дзень, дзе што падзелася…

Аляксандр БУШЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *