У школу прыйшла навагодняя казка

Молодежная политика Общество

Добры дзень, паважаная рэдакцыя! Пішу вам упершыню. Вельмі ж хочацца, каб мой ліст прачыталі хлопчыкі і дзяўчынкі з нашага раёна і даведаліся, як цудоўна зараз у маёй школе!

Перад Новым годам яна стала падобнай на краіну цудаў. У сярэдзіне снежня аб’явілі конкурс на лепшы ўпрыгожаны куток да свята. І пачалася такая гарачая работа! Амаль усе вучні абмяркоўвалі разам з настаўнікамі ход дзеянняў, амаль тыдзень школа «кіпела». Кожны дзень пасля ўрокаў працавала «Майстэрня Дзеда Мароза». Што атрымалася, можна зараз убачыць на першым і другім паверсе. Сапраўдная казка, якую мы чыталі, а зараз бачым на свае вочы.

Ля кабінета першага класа — маленькі домік, засыпаны снегам, а ў вокнах ззяе святло. Гляджу на яго, і чамусьці здаецца, што менавіта ў такім жыла добрая і чулая няня Пушкіна. На дрэўцах вакол хацінкі — чырвонагрудыя снегіры, так падобныя на сапраўдных, што баішся ўзмахнуць рукой, каб не спужаліся!..

А самае вялікае цуда — у холе на першым паверсе. Калі я гэта ўбачыла ўпершыню, думала, мне падалося! У запрэжаных аленямі санках сядзіць вясёлая кампанія: Снегавік з мяшком падарункаў і беласнежны Зайчык. Усе дзеці ў школе ў захапленні ад гэтай кампазіцыі. Шкада, што вы, чытачы, не бачыце! Палазы санак вабяць рознакаляровымі агнямі, так і хочацца сесці і адправіцца ў падарожжа. Што калі-нікалі і спрабуюць зрабіць першакласнікі!..

Дызайнеры ўсіх школьных навагодніх цудаў — наш дырэктар школы і настаўнікі працы. Як добра, што яны падарылі нам такое цудоўнае афармленне Новага года! Цяпер наша школа да яго поўнасцю гатовая. Я спадзяюся, што Зайчык, або Кролік, прынясе маёй школе і маім сябрам толькі дабро і шчасце.

Юля БІРУЛЯ, вучаніца 6 класа Лядзенскай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *