Якімі павінны быць фермы

Аграрный сектор

У мінулую суботу ў раёне адбыўся выязны семінар-вучоба, у якім прынялі ўдзел начальнікі ўпраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання з усіх раёнаў вобласці, іх намеснікі па жывёлагадоўлі, дырэктары райаграсервісаў, а таксама спецыялісты камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню. Мерапрыемства ладзілася з канкрэтнай мэтай — на прыкладзе гаспадарак, якія маюць пэўныя напрацоўкі ва ўдасканальванні і павышэнні эфектыўнасці  вытворчасці ў жывёлагадоўлі выпрацаваць найбольш прымальны і эфектыўны напрамак паспяховай рэалізацыі рэспубліканскай праграмы развіцця мяса-малочнай галіны на 2011-2015 гады.

Удзельнікі семінара наведалі малочна-таварную ферму «Грабёнка», дзе паглядзелі, як ажыццяўляецца рэканструкцыя памяшкання пад бяспрывязное ўтрыманне кароў з дэльтаскрэперным выдаленнем гною і даеннем у даільнай зале. Тут паказалі гасцям і нядаўна рэканструяваны цялятнік, дзе ўтрымліваецца маладняк з сямідзённага да 6-цімесячнага ўзросту.

Начальнік ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Нясвіжскага райвыканкама Анатоль КОРШУН падзяліўся з удзельнікамі семінара тым, як у іх раёне ідзе працэс рэканструкцыі старых памяшканняў і будаўніцтва новых. Ён патлумачыў з чаго трэба пачынаць рэканструкцыю, на якія моманты звяртаць асаблівую ўвагу, засярэдзіў увагу на найбольш распаўсюджаных памылках падчас размяшчэння малочных блокаў і прыбудоў памяшканняў для ўтрымання жывёлы, пры наладжванні вентыляцыі, асвятлення, гноевыдалення. Для пераканаўчасці, на імправізаванай дошцы, у якасці якой паслужылі дзверы новага цялятніка, Анатоль КОРШУН крэйдай начарціў і паказаў найбольш прымальную схему рэканструкцыі, зазначыўшы, што прымяніць яе можа любая гаспадарка. 

З тым, як ажыццяўляецца вытворчасць малака з выкарыстоўваннем навейшых дасягненняў замежнага вопыту, удзельнікаў семінара азнаёмілі ў філіяле «Агра-Бокс-Заатэх». Дырэктар філіала Аляксандр РУБАН паказаў, у якіх умовах утрымліваецца жывёла, падрабязна расказаў аб усіх тэхналагічных асаблівасцях, патлумачыў, якім чынам і за кошт чаго іх гаспадарка змагла атрымаць за год ад кожнай каровы дадатковыя 5 літраў прыбаўкі малака. Галоўны спецыяліст СП «Унібокс» ТАА па развіццю навейшых тэхналогій у жывёлагадоўлі Аляксандр ЛАПОТКО даў рэкамендацыі па арганізацыі кармлення жывёлы, адзначаючы ўсе памылкі, якія  могуць быць дапушчаны на розных этапах — ад уборкі зялёнай масы і трамбоўкі яе ў сіласных ямах, да змешвання кармоў перад падачай на кармавы стол. Ён зазначыў, што кожная недапрацоўка ўрэшце адмоўна ўплывае на надоі малака, таму кантроль за якасцю кармоў павінен быць грунтоўны і ўважлівы. А як ён ажыццяўляецца, госці змаглі паглядзець непасрэдна ў лабараторыі, дзе ім паказалі самы новы набытак — прыбор, які дазваляе ў рэжыме рэальнага часу праводзіць аналіз корму на ўтрыманне чыстай энэргіі лактацыі. Гэты прыбор амерыканскай вытворчасці і ў нашай краіне пакуль што адзіны.

Адзначаючы выдатную, зладжаную работу калектыва  «Агра-Бокс-Заатэх» і падводзячы вынікі мерапрыемства, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Мінскага аблвыканкама  Іван ШМАТКО адзначыў, што гэтае сельгаспрадпрыемства павінна з’явіцца прыкладам для гаспадарак не толькі раёна, але і вобласці. -Тут ёсць гатовыя, адпрацаваныя схемы, трэба толькі перанесці іх на кожную гаспадарку, — сказаў Іван Міхайлавіч. — Менавіта адсюль павінна зыходзіць палітыка, што рабіць у раёне, пачынаючы ад утрымання цялят і заканчваючы мадэрнізацыяй кароўнікаў. Тут трэба вучыцца, як правільна  арганізаваць сістэму кантролю за прыгатаваннем, захоўваннем і выкарыстоўваннем кармоў. Неабходна таксама з максімальнай карысцю выкарыстоўваць магчымасці іх лабараторый, зернеачышчальных ліній. Мы павінны узяць тут самае лепшае, перадавое і перанесці да сябе на вытворчасць.

 Віктар    ПАРФІЯНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *