Амаль палову яравых зерневых пасеялі ў эксперыментальнай базе «Натальеўск»

Аграрный сектор Актуальное

Земляробы эксперыментальнай базы “Натальеўск” звычайна першымі на Чэрвеньшчыне пачынаюць сяўбу ранніх яравых зерневых культур. Так сталася і сёлета.

У апошні дзень сакавіка на палеткі гаспадаркі выйшлі адразу два трактары з камбінаванымі пасяўнымі глебаапрацоўчымі агрэгатамі. Руслан Марчанка на “МТЗ-3522” з “Лемкенам” пачаў сеяць ячмень, а Андрэй Кузьмін на “Джон Дзіры” з “Тэрадрылам” – авёс.

Першыя гектары зерневых пасеяў у гаспадарцы Руслан Марчанка

– Ячмень сеем новым гатункам “Аванс”, – распавядае аграном Марына Кудланс. – Летась ён быў у нас на выпрабаваннях і даў 50 цэнтнераў з гектара. Увогуле, мы штогод абнаўляем гатункі зерневых культур. З тымі, якія добра паказваюць сябе па ўраджайнасці, устойлівасці да захворванняў, а таксама  запатрабаваныя на рэалізацыю для гаспадарак вобласці і рэспублікі – працуем далей.

Сёлетняя вясна – халодная, зацяжная, але агратэхнічныя тэрміны сяўбы ўжо надышлі. Таму спыняцца не збіраемся, а, наадварот, разлічваем дзень пры дні павялічваць тэмпы работ. Тым больш, што іх аб’ём – вялікі: 1350 гектараў  яравых зерневых, 200 – бульбы, 1100 – кукурузы, 350 гектараў культур аднагадовай групы.

Уладзімір Савіч працуе на падкормцы азімых культур

Паводле слоў Марыны Кудланс, у гаспадарцы разгорнуты ўвесь комплекс палявых работ. Шэсць трактароў працуе на закрыцці вільгаці, два звяны ўносяць мінеральныя ўгнаенні пад сяўбу, самаходны агрэгат “Раса” задзейнічаны на падкормцы азімых зерневых. Таксама арганізаваныя ўнясенне арганікі пад кукурузу, звозка саломы. А ўсяго штодня на палеткі выязджае больш за трыццаць адзінак тэхнікі. 

Аляксандр Бандарык рыхтуе глебу пад сяўбу

Па звестках упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама, на раніцу 7 красавіка ў эксперыментальнай базе “Натальеўск” ужо засеялі раннімі яравымі зерневымі культурамі 655 гектараў, што складае 49 працэнтаў ад неабходнага. Па раёну гэты від работ выкананы на 897 гектарах (10 працэнтаў ад плана). Сяўбу яравых зерневых пачалі ў сельгаспрадпрыемстве “Валевачы”, ААТ “Раванічы”, “Запольскае” і “Чэрвеньскі райаграсэрвіс”, сельгасфіліялах “Аграбуд” і “Новыя Зелянкі”.   



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *