Блістала “Сузор’е”, а выйграла “Шасцёрка”

Общество

«Смілавіцкі байрам» — інтэлектуальная гульня для навучэнцаў ліцэяў і каледжаў, якая традыцыйна праводзіцца напрыканцы кожнага года. Сёлета «Байрам» у сёмы раз сабраў самых кемлівых юных смілаўчан у сельскагаспадарчым ліцэі. Па-за конкурсам вырашылі гуляць школьнікі — капітан Улад Жыгалка прывёў на інтэлектуальны бой сваю смелую і крэатыўную каманду «Сузорье» з СШ №2. Ад Смілавіцкага ліцэя за першае месца змагаліся «старыя знаёмыя» — каманды «СНГ» (капітан Марына АЛЯКСЕЙЧЫК), «Фенікс» (капітан Марына ДЗЕНІСОВІЧ), а таксама новая каманда «Інтэрны», у якой, дарэчы, кожны ігрок меў «прататып» з вядомага серыялу. Завіталі добра знаёмыя па мінулагодніх турнірах госці з Чэрвеня — «Нон-стоп», у якім зараз «капітаніць» Віталь КАСЦЕВІЧ. Больш блізкія суседзі — аграрны каледж, — выставілі ад сябе «Выдатную шасцёрку» (капітан Марына МАСЛАВА) і «Малахіт» (капітан Радміла ГАПЧАНКА). На ўскрайку гульнёвай залы прымасціліся, каб патрэніраваць свой дарослы інтэлект, і ліцэйскія выкладчыкі з «Профі Л» — адной з лепшых каманд раёна.

Турнір складаўся з трох этапаў: традыцыйнае «Што? Дзе? Калі?», «Свая гульня» і «Фота-схватка».

Пасля першай часткі лідыравала «Выдатная шасцёрка», хоць на самой справе двух ігракоў, што пазніліся, але абяцалі быць, каманда так і не дачакалася. Нягледзячы на лічбавую перавагу, астатнім камандам так і не ўдалося дагнаць дзяўчат з каледжа. «СНГ» сталі другімі, а «Малахіт» — трэцімі. Аднак неабходна заўважыць, што калі б школьнікі з «Сузор’я» гулялі не «па за конкурсам», то дыплом за перамогу ў «ШДК» зараз захоўваўся б у СШ №2: Улад ЖЫГАЛКА і кампанія не далі б шанцаў ні ліцэям, ні каледжу.

Лепшымі яны былі і ў сваёй гульні. Дыпломы ж атрымалі «Інтэрны» за трэцяе месца, «Фенікс» за другое і «Выдатная шасцёрка» за першае.

Тэма сёлетняй байрамаўскай «Фота-схваткі» была «Шэсць пачуцціяў». Гэта азначала, што каманды за адведзены час павінны знайсці цікавыя ракурсы для здымкаў пяці існуючых пачуццяў: слых, смак, зрок, нюх, дотык, а ў дадатак яшчэ на свой выбар прадставіць і «шостае пачуццё». Забягаючы наперад, скажу, што многія абралі такім пачуццем інтуіцыю і як маглі, спрабавалі перадаць яе праз фотаздымак.

Некаторыя каманды, не разабраўшыся, а мо, як-небудзь прыгадаўшы мінулагоднюю тэму, кінуліся выяўляць зайздрасць, гнеў, ганарыстасць і г.д. Дарослыя кіраўнікі каманд, што ўсе разам сядзелі ў адным баку залы, вырашылі ніякіх «сігналаў» юным падапечным не падаваць: няхай, маўляў, спраўляюцца, як могуць, на тое і гульня. Журы ацэньвала здымкі па трох катэгорыях: дакладнасць тэмы, мастацкае выяўленне і арыгінальнасць. Такім чынам, з «Фота-схваткай» каманды «справіліся» так: трэцяе месца — «Выдатная шасцёрка», другое — «Фенікс», першае — «СНГ».

У выніку агульнае першае месца і ганаровае званне «Пераможца «Смілавіцкага байраму»-2010″ дасталося камандзе аграрнага каледжа «Выдатная шасцёрка». Як ужо заўважалася, на самой справе выглядала яна, як чацвёрка, але тым больш павагі заслугоўвае перамога дзяўчат! А прыгожы мужчына на здымку побач з пераможцамі — іх трэнер Канстанцін ГРУЗДОЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *