Сябруюць са спортам вяскоўцы

Спорт

Раённы фізкультурна-спартыўны клуб сумесна з раённай арганізацыяй ДТСААФ прадоўжылі эстафету вясковых спартакіяд.

Пераходны кубак спартакіяды Калодзежскага сельсавета - у спартсменаў Хутарскай школы.

У Хутарскай школе барацьбу за пераходны кубак Калодзежскага сельсавета вялі чатыры каманды: работнікаў гэтай школы, Мінскай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі, эксперыментальнай базы «Натальеўск» і сельгаспрадпрыемства «Новая Ніва». У асобных відах праграмы першыя месцы здолеў заняць кожны з калектываў. Спартсмены Хутарскай школы былі мацнейшымі ў спаборніцтвах па настольнаму тэнісу і стральбе, прадстаўнікі РСУП «Новая Ніва» — у валейболе і перацягванні каната, доследнай станцыі — па шашках, эксперыментальнай базы «Натальеўск» — па дартсу. У асабістым заліку пераможцамі сталі Андрэй Іотка з доследнай станцыі і Ірына Ладуцька з эксперыментальнай базы «Натальеўск» — па дартсу, Святлана Пракаповіч з Хутарскай школы і Міхаіл Курэйчык з доследнай станцыі — па шашках, Ала Далгаполава з Хутарскай школы і Сяргей Забаронак з доследнай станцыі — па настольнаму тэнісу, Міхаіл Зянкевіч з Хутарскай школы — па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Па найменшай суме занятых у асобных відах спаборніцтваў месцаў пераходны кубак спартакіяды Калодзежскага сельсавета заваявалі гаспадары — спартсмены Хутарскай школы. Другое месца — у каманды доследнай станцыі, трэцяе — у прадстаўнікоў РСУП «Новая Ніва».

Спартакіяду Чэрвеньскага сельсавета прымала Грабянецкая школа. Тут за пераходны кубак змагаліся каманды работнікаў і вучняў гэтай школы, а таксама — работнікі сельгаспрадпрыемства «Грабянецкі», Вайнілаўскай школы і Грабянецкага лясніцтва. Чатыры з іх адчулі смак перамогі ў асобных відах праграмы. Прадстаўнікі РСУП «Грабянецкі» занялі першыя месцы па валейболу і перацягванню каната, Вайнілаўскай школы — па стральбе і шашках, лясніцтва — па дартсу, грабянецкія школьнікі — па настольнаму тэнісу. У асабістым заліку мацнейшымі сталі Міхаіл Кавалёнак з Вайнілаўскай школы — па стральбе, Алеся Кавалёнак з Вайнілаўскай школы і Дзмітрый Ваніслаўчык з лясніцтва — па дартсу, Вікторыя Салаўева і Генадзь Аўласенка з Вайнілаўскай школы — па шашках, Таццяна Мкртчян і Аляксандр Чопік з каманд настаўнікаў і вучняў Грабянецкай школы, адпаведна, па настольнаму тэнісу. Пераходны кубак Чэрвеньскага сельсавета заваявала каманда Вайнілаўскай школы. На другім месцы — работнікі Грабянецкай школы, на трэцім — РСУП «Грабянецкі».

Пераможцы і прызёры абедзвюх спартакіяд узнагароджаны Дыпломамі і Граматамі аддзела па фізічнай культуры спорту і турызму райвыканкама і сельвыканкамаў. Мацнейшыя ў індывідуальных і камандных спаборніцтвах спаборніцтвах узнагароджаны грашовымі прэміямі. А раённая арганізацыя ДТСААФ заахвоціла пераможцаў спаборніцтваў па стральбе грашовымі прэміямі, прызёраў — падарункамі.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *