Куточак Чэрвеньшчыны: Арэхаўка

Общество

Працяг. Пачатак у № 171-172

МАРФІН ІВАН

… Узяўшы ў паліцэйскім участку, які знаходзіўся ў Ачыжы,  дазвол, Марфа паехала са сваякамі на месца расстрэлу і забрала адтуль цела мужа. Пахавалі яго ў Грабянцы. А неўзабаве нарадзіўся сынок. У гонар бацькі назвала яго Марфа Іванам. Ангел-ахоўнік абараніў у вайну гэтую жанчыну і яе сына, бо небяспека  была ўвесь час поруч. Асабліва калі хата Міцкевічаў стала сваёй для партызан. Марфа пякла ім хлеб, дзед гнаў самагонку на медыцынскія мэты: ёю гаілі раны.

Кажуць, вочы — люстэрка душы. У Івана Міцкевіча вочы спакойныя, усмешлівыя, глядзяць на суразмоўцу з даверлівай адкрытасцю. Вось ён расказвае пра вёску, яе жыхароў — і вочы яго таксама прымаюць удзел у размове. У іх то радасць, то скруха, а часам — смяшынкі. Але на жарты ён  не надта здатны, а таму і неахвочы. Во, некалі Валодзік Лысакоўскі (няхай зямля яму будзе пухам), той  умеў дасціпна, з сялянскай хітрынкай розныя жыццёвыя заганы высмейваць. Калі ён у гамонцы — усе жываты ад смеху “рвалі”.

НЕвялічкае ПРЫСВЯЧЭННЕ ВАЛОДЗІКУ

У Арэхаўцы да гэтага часу ўспамінаюць яго з добрай усмешкай. Асабліва падабалася, калі той гумарам па саўгаснаму начальству “праходзіўся” — брыгадзірах, спецыялістах, дырэктару. А аднойчы сам пабыў  у ролі галоўнага агранома. Было якраз рэлігійнае свята. Управіўшыся на ферме, ён па-шляхецку фарсова апрануўся, капялюш ўздзеў. Высокі прыгажун — хоць на вокладку глянцавага часопіса змяшчай — падаўся ў магазін: з сябрамі сустрэцца, па чарцы за свята зрабіць. Толькі на ганак ступіў — машына сігналіць. Саскоквае з кабіны “сельгасхімаўскага” самазвала малады мужчына, удакладняе: “ У канторы сказалі, што тут недзе галоўны аграном павінен быць. Не бачыў? Я мінеральнае ўгнаенне прывёз…”

“Я, — адказвае, — аграном. Вязі, браток,  яго вунь у тое месца…”

І паказвае на палетак мо ў кіламетры ад сваёй хаты, ля якой прызвычаіліся штогод буртаваць пад адкрытым небам мінеральныя ўгнаенні. На хваляванні людзей, што вада ў калодзежах забруджваецца небяспечнымі здароўю нітратамі, ніхто не зважаў.

Тут якраз яшчэ паўнюткі грузам самазвал спыніўся. Вадзіцель першага перадаў сябру загад “галоўнага агранома”, і падаліся  яны па ўказанаму маршруту. Увесь дзень шчыра тралявалі туды ўгнаенні. А ўвечары з”явіўся ў вёсцы сапраўдны галоўны аграном, каб удаставерыцца ў наяўнасці прывезеных тукаў і падпісаць вадзіцелям пуцёўкі. Як убачыў, што не ў тым месцы згрузілі, раззлаваўся. А калі дазнаўся, хто аб гэтым распарадзіўся, кінуўся, было, з кулакамі, ды своечасова спыніўся. Дзе ты бачыў, каб з такім справіцца. У маладосці ў бойках Валодзіку нават гуртам рады не давалі…

Неўзабаве з-пад хат вяскоўцаў мінеральныя ўгнаенні вывезлі на поле і болей у гэтым месцы не ссыпалі.

Але не толькі гумарам ён вызначаўся. Гаспадар быў Валодзік. Яго дом жаўцеў шалёўкаю, а двор нагадваў трошкі той біблейскі каўчэг, у якім было сабрана ўсякай твары па пары: карова, цялё, куры, качкі, свінаматкі з вывадкамі парасят, клеткі з трусамі… Кармоў на ўсю гэтую жыўнасць не набрацца было, і Валодзік прызвычаіўся іх з фермы падвозіць. Рабіў гэта адкрыта, чым, відаць, і вывеў з цярпення кагосьці з вяскоўцаў. Пра яго данеслі дырэктару саўгаса. Неўзабаве з канторы патэлефанавалі ў Арэхаўку, загадалі ўсім сабрацца ў брыгадным доме. І абавязкова каб быў Валодзік. Маўляў, прыедзе для размовы дырэктар. Нешта падказала вясковаму жартаўніку, аб чым размова будзе. Не хацелася яму раней часу засмучаць свой вясёлы заўжды настрой. І вось якое выйсце надумаў. Пакуль  вяскоўцы збіраліся, зайшоў першым у брыгадны дом і кажа: “Хачу з Вамі, таварыш дырэктар, па вельмі важнаму пытанню пагутарыць”.

— Ну што ў Вас, таварыш Лысакоўскі? — узняў той брові, — зараз збяруцца людзі і пагаворым.

— Не, пры ўсіх, таварыш дырэктар, шчырасці не будзе, хачу толькі з Вамі.

Дырэктар кіўнуў брыгадзіру, каб той выйшаў. Валодзік адразу ж на калені, склаў на грудзях рукі і, гледзячы  на партрэт Леніна, слязіста гэтак: “Паспавядацца хачу… Вінаваты я моцна.  Калі еду падводай дамоў, кармы з фермы бяру для сваёй жывёлы…”

Дырэктар не разлічваў на такі паварот справы, сумеўся, а затым кажа: “А Вы, Антонавіч, многа не бярыце: раз вядзёрка, другі раз вядзёрка — яно і неўзаметку іншым будзе…”

Разлік Валодзіка аказаўся правільны. На сходзе пра яго грэх дырэктар не абмовіўся. А Валодзік, наўздзіў вяскоўцам, увесь час першым — трэба было ці не — цягнуў угору руку прагаласаваць па абвешчанаму  пытанню. Калі пакідалі брыгадны дом, дырэктар крануў яго за рукаў, паказаў вачыма на партрэт Ільіча: “Не забывайся, перад кім каяўся, Антонавіч.”

(Працяг будзе)

Аляксандр БУШЭНКА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *