Чалавек, які змагаўся з радыяцыяй

Люди и судьбы

Вучні сёмага і восьмага класаў нашай школы правялі сустрэчу-«круглы стол». Мы назвалі яго «Вачыма ўдзельніка…» і запрасілі госця — ліквідатара Чарнобыльскай аварыі Мікалая РУСЕЦКАГА. Мікалай Вікенцьевіч паўгода працаваў дазіметрыстам у Брагінскім раёне.
Ён расказаў нам, што 25 год таму ў той вясновы сонечны дзень усе людзі рыхтаваліся да блізкага Першамаю, планавалі, як адзначаць свята, а замест яго страшная бяда абрушылася на іх зямлю — здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Увесь свет абляцела назва невялічкага ўкраінскага гарадка Прыпяць, дзе пабудавана станцыя. Нябачная і неадчувальная радыяцыя сваім чорным крылом зачапіла не толькі нашу Беларусь, але і Украіну, і Расію. Але больш за ўсіх дасталося ўсё-такі нашай зямлі. Жывапісныя месцы Беларусі — Брагінскі, Хойнікскі, Лунінецкі раёны, — прынялі на сябе страшэнны ўдар…
Калі Мікалай Вікенцьевіч расказваў нам пра гэта, пра тое, як ён і яго таварышы працавалі пад пагрозай радыяцыйнага заражэння, мы адчулі, што яму цяжка ўспамінаць той час. Ён жа шмат бяды бачыў: апусцелыя вёскі, бадзяжныя хатнія жывёлы, што засталіся без гаспадароў… Гняла нязвыклая цішыня і адсутнасць людзей. Прыгадаў ліквідатар і ўмовы, у якіх жылі і чым харчаваліся ліквідатары, як бараніліся ад радыяцыі. Нас уразіла, што ліквідатары кожны дзень хадзілі ў лазню!.. Яны вялі сябе спакойна, бо адчувалі, што калі пачнуць хвалявацца, то наступіць паніка.
У Мікалая Вікенцьевіча ёсць за тую рызыковую працу медаль і пасведчанне ліквідара, ён прыносіў іх з сабою, і кожны з нас патрымаў медаль у руках.
На памяць аб сустрэчы мы падаравалі Мікалаю РУСЕЦКАМУ зробленую вучнямі школы карціну з бісера. І пажадалі здароўя, бо для ліквідатараў гэта самае галоўнае.

Аляксандр СЕРАБРОЎ, вучань 8 класа Лядзенскай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *