Як у Горках і Горкаўскай Слабадзе Чэрвеньскага раёна адзначалі свята

Актуальное Год малой радзімы Люди и судьбы

Хто сказаў, што вёска памірае? Пакуль гучыць тут дзіцячы смех, яна жыве і будзе жыць!

Вясковае свята, якое віравала мінулай суботай у Горках і Горкаўскай Слабадзе, запомніцца яго ўдзельнікам у тым ліку і вялікай колькасцю дзяцей, моладзі. І гэта – не толькі гарадскія ўнукі-праўнукі, але і тутэйшыя жыхары.

Адразу пяцёра з іх прадстаўлялі сям’ю Галіны Генадзьеўны Ахрамовіч і Мікалая Яўгенавіча Бачылы (тата-механізатар і ў свята быў на працы). Платону, Мікалаю, Ганне і Валерыі яшчэ давядзецца вырашаць, застануцца яны на вёсцы, ці не. А старэйшая Наталля свой выбар ужо зрабіла, пайшоўшы вучыцца на ветэрынара ў Смілавіцкі аграрны каледж.

Больш за 200 чалавек сабралася ў суботу на пляцоўцы ля мясцовай установы культуры на свята вёсак Горкі і Горкаўская Слабада. Пачалося яно з агляду-конкурсу імправізаваных вясковых падворкаў, удзел у якім ўзяла кожная вуліца паселішчаў.

А мы – з горкаўскага краю,
Дзе бусел над хатай лятае,
Дзе песні і ў свята, і будні,
Дзе былі мы, дзе ёсць і будзем.

Такімі вершаванымі радкамі і шчодрымі пачастункамі сустрэў гасцей падворак вуліц вёскі Горкі. Прадстаўнікі вуліцы Цэнтральнай зрабілі акцэнт на аднавяскоўцах-юбілярах, для якіх спяклі торт. На Маладзёжнай праспявалі гімн вуліцы, склалі арыгінальны букет з… сушанай рыбы, якой налавіў Мікалай Ляшкевіч. А адмысловы кухар Андрэй Маруга проста на падворку зварыў у чыгуне “кашу з сякеры”.

На вуліцы Барзунова дэгустацыі прысмакаў папярэднічаў расповед пра гісторыю яе назвы. А жыхары вуліцы Гагарына, трох завулкаў і вуліцы Палявой зладзілі цэлае тэатралізаванае прадстаўленне, падчас якога ў жартоўнай форме разыгралі трэці дзень вяселля па-горкаўску. Яго кульмінацыяй стала галенне свата з дапамогай… касы.

Прадстаўленне аздобіў акампанементам на баяне прафесійны музыка з вёскі Якшыцы Цімафей Багамаз, які зараз працуе ў Горках ратавальнікам.

З падворкаў свята перамясцілася на сцэнічную пляцоўку.

– Заўсёды лічыцца, што вёска – адна вялікая сям’я, – зазначыла ва ўступным слове старшыня Лядзенскага сельвыканкама Алена Гамеза. – І ўсіх вас аб’ядноўвае адзін вялікі дом. Якім ён будзе, залежыць ад кожнага з нас, ад нашай узаемапавагі і ўзаемападтрымкі, жадання зрабіць яго камфортным і ўтульным. Няхай жыццё кожнай вашай сям’і поўніцца радасцю, дабрабытам і ўпэўненасцю ў заўтрашнім дні!

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Лідзія Шчацінка выказала горкаўцам шчырую ўдзячнасць за захаванне традыцый роднай вёскі, захапілася іх працай, талентам, кемлівасцю, майстэрствам, адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўкі свята і яго маштабнасць. Таксама яна ўручыла Ганаровую грамату Чэрвеньскага раённага Савета дэпутатаў жыхарцы Горкаўскай Слабады, дырэктару Лядзенскай школы Ірыне Змачынскай – за добрасумленную працу, значны асабісты ўнёсак у развіццё органаў мясцовага самакіравання.

Гісторыю Горак і Горкаўскай Слабады прыгадала бібліятэкар Святлана Вайцяховіч. Яна запрасіла кожнага, хто мае цікавасць глыбей пазнаёміцца з ёй, наведаць кніжную выставу “Мясціны родныя мае”.

А потым пачалася віншавальная частка свята. Сертыфікаты “на здароўе” і памятныя сувеніры атрымала вялікая група старэйшых жыхароў вёсак. Сярод іх – Марыя Мікалаеўна Грышановіч, якая ў свае восемдзесят дзевяць гадоў на памяць прачытала верш і выканала песню.

Падарункі ўручылі бацькам самага маленькага мясцовага жыхара Сашы Пяхоты – Вользе Станіславаўне і Аляксандру Сяргеевічу, шматдзетным сем’ям Галіны Генадзьеўны Ахрамовіч і Мікалая Яўгенавіча Бачылы, Валянціны Станіславаўны Бабей, а таксама юбілярам усіх узростаў і старэйшым сямейным парам – Грышановічам, Тумусам, Галубцам.

Жыхарка Горкаўскай Слабады Ніна Лявонцьеўна Мількевіч прачытала і перадала для захоўвання ў Лядзенскую школу наказ моладзі ад людзей старэйшага пакалення.

Музычныя віншаванні салістаў устаноў культуры раёна Веры Капачовай, Андрэя Хурсевіча, Кацярыны Круглік і Анатоля Кеды атрымалі мясцовыя работнікі сельскай гаспадаркі, адукацыі, сувязі, гандлю, культуры, лясной гаспадаркі, сацыяльнага абслугоўвання, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Журы агляду-конкурсу на лепшы падворак вельмі цяжка было вызначыцца з пераможцамі, бо ўсе яго ўдзельнікі пастараліся ад душы. Таму прызамі ў розных намінацыях заахвоцілі кожную вуліцу.

Напрыканцы старшыня сельвыканкама Алена Гамеза з удзячнасцю прыгадала ўсіх, хто матэрыяльна або арганізацыйна паспрыяў святу. Гэта фермерская гаспадарка “Вітаміл Агра”, індывідуальныя прадпрымальнікі Алег Харошка і Антон Печкуроў, жыхар Мінска Ігар Касцевіч, раённае спажывецкае таварыства, раённы камбінат бытавога абслугоўвання, работнікі культуры і сельвыканкама.

Завяршылася свята канцэртам народнага ансамбля народнай песні “Вербніца”.

 

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *