Яе захапленне — кветкі

Общество

Іх шмат на падворку ветэрана працы Евы Арсеньеўны Марчанка з другога Базавага завулка ў Чэрвені. І гатункаў столькі, што назвы іх гаспадыні цяжка прыгадаць.

Браму абвівае бружмель. Дарожка да ганка абсажана ружамі. Каля іх — дэкаратыўныя кусцікі з прыгожымі рознакаляровымі лісцікамі нейкай экзатычнай расліны аж трох гатункаў.
Злева ад дарожкі размясцілася казачная паляна. Сабачка, алень, які прылёг ля туі, гномік грае на скрыпачцы. Гэта ўсё гарманічна ўпісваецца ў агульны пейзаж.
На падворку шмат кустоў, некалькі відаў вярбы, хвойныя расліны: розныя туі, коніка, ядлоўцы, барбарыс, елачка з рознакаляровымі іголкамі, ціс. Ліставыя расліны: вегела, вінаград, купалінка, юкка. Сцяну дома абвівае яшчэ адзін від бружмелю.
Не пустуе ні адзін сантыметр зямлі. Кожны яе кавалачак выкарыстоўваецца пад расліну. Ліловымі кветачкамі і прыемным пахам радуе лаванда. Хосты і лілеі розных гатункаў, ружы. Іх шмат: і куставыя, і тыя, што віюцца. І клематысы. Яны таксама ўсюды: не толькі ля фасаду, але і за домам. Шмат хрызантэмаў, яны пакуль не цвітуць. Затое радуюць вока рознакаляровыя цыніі, ярка-аранжавыя календулы, флёксы.
Недалёка ад ганка абсталявана невялічкая сажалка. Вакол яе — таксама кветкі. А яшчэ ў бочцы — сапраўдныя вадзяныя лілеі. Адна кветка амаль адцвіла і з’явіўся новы бутон.
— Расліны размнажаю сама, — гаворыць Ева Арсеньеўна. — Хтосьці падарыць, хтосьці проста падзеліцца. Гэта мае знаёмыя, сябры. Дораць кветкі на Дзень нараджэння. Сяброўка ў мяне ёсць Марыя, яна таксама са мной дзеліцца раслінамі. Вельмі люблю займацца кветкамі. Яны надаюць жыццёвыя сілы. Як выйшла на заслужаны адпачынак (працавала Ева Арсеньеўна бухгалтарам у цэнтры занятасці), часу на любімы занятак стала болей. Выйдзеш раніцай на ганак, глянеш на ўсю гэтую прыгажосць — настрой адразу паляпшаецца. Здаецца нават, што і не стамляешся за гэтым заняткам. Радуюся, калі прыжываюцца на падворку новыя расліны…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *