Сыпаў снег, імчалі лыжы

Спорт

У каманды ААТ «Раванічы» — першае месца сярод працоўных калектываў вытворчай сферы

Амаль 150 чалавек узялі ўдзел у раённым зімовым свяце «Лыжная гонка» ў праграме рэспубліканскіх спаборніцтваў «Беларуская лыжня-2017», якое прайшло ў суботу ў чэрвеньскім лесапарку пад несупынны акампанемент снегападу.
На старт выйшла рэкордная колькасць каманд — 29. Яны прадстаўлялі працоўныя калектывы чэрвеньскіх вытворча-харчовага завода, лясгаса, камунгаса, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, друкарні, цэха прыроднага і звадкаванага газу, філіяла «Мінаблпаліва», ПМК-237, ПМК-8, ДРБУ-121, ААТ «Раванічы» і «10 з’езд Саветаў», рыбгаса «Волма», раённага спажывецкага таварыства, раённых электрасетак,а таксама аддзела адукацыі, спорту і турызму, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, трох гарадскіх школ і гімназіі, раённага аддзела ўнутраных спраў, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Смілавіцкага аграрнага каледжа, Смілавіцкага сельскагаспадарчага ліцэя, Чэрвеньскага будаўнічага ліцэя, Чэрвеньскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, цэнтральнай раённай бальніцы.

П’едэстал гонару ў мужчын узростам 61 і больш гадоў: Генадзь Сычоў (у цэнтры), Міхаіл Тарасаў (злева) і Рыгор Дзігалёў

Спаборніцтвы, якія ладзілі фізкультурна-спартыўны клуб аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама разам з Чэрвеньскай СДЮШАР, прайшлі сярод аматараў узростам 18-30 гадоў, 31-40, 41-50, 51-60, 61 і больш гадоў — на дыстанцыю 1 кіламетр у жанчын і мужчын. Першыя месцы ў сваіх узроставых групах занялі Вольга Курыловіч (Смілавіцкі сельгасліцэй), Наталля Бабіч (вытворча-харчовы завод), Ларыса Мурашка, Іна Сасункевіч і Таццяна Спарыш (ААТ «Раванічы»), Дзмітрый Баброў (асабісты залік), Віталь Ладуцька (ААТ «10 з’езд Саветаў»), Уладзімір Мажароўскі (РАУС), Анатоль Далгаполаў (цэх прыроднага і звадкаванага газу) і Рыгор Дзігалёў (ААТ «Раванічы»).

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларыса Асановіч уручае ўзнагароды за першае агульнакаманднае месца дырэктару СШ №4 Чэрвеня Аксане Канапелька

Прызёрамі спаборніцтваў сталі: Яна Пяткевіч (Смілавіцкі аграрны каледж), Вікторыя Сіпачова і Аксана Канапелька (СШ №4 Чэрвеня), Аксана Сюбарава (РАУС), Аксана Тарасік (гімназія), Ірына Калтовіч і Надзея Косарава (раённае спажывецкае таварыства), Валянціна Аліферка (лясгас), Святлана Ждановіч (аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама) і Наталля Жданок (камунгас), Сяргей Смаленскі (Смілавіцкі сельгасліцэй), Аляксандр Мурашка (ААТ «10 з’езд Саветаў»), Віталь Упіт (лясгас), Барыс Косаў (раённае спажывецкае таварыства), Алег Тарлоўскі (упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама), Андрэй Марозаў і Міхаіл Тарасаў (СШ №4 Чэрвеня), Анатоль Людчык (Чэрвеньскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця), Уладзімір Былынка (цэх прыроднага і звадкаванага газу) і Генадзь Сычоў (цэнтральная раённая бальніца).

Пераможцы і прызёры жаночых спаборніцтваў ва ўзроставай групе 18-30 гадоў: Вольга Курыловіч (у цэнтры), Яна Пяткевіч (злева) і Вікторыя Сіпачова

У спаборніцтве сярод працоўных калектываў вытворчай сферы перамагла каманда ААТ «Раванічы». Другое месца — у лясгаса, трэцяе — у рыбгаса «Волма». Сярод устаноў невытворчай сферы першынствавала каманда СШ №4 Чэрвеня. На другім месцы — Смілавіцкі сельгасліцэй, на трэцім — Смілавіцкі аграрны каледж.
Пераможцы і прызёры індывідуальнага спаборніцтва ўзнагароджаны Дыпломамі і медалямі, а за першае месца — яшчэ і грашовымі прызамі. Мацнейшым камандам уручылі Дыпломы і ганаровыя кубкі. Узнагароджанне правяла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларыса Асановіч.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *