Народны каляндар. Май

Общество

Сучаснай беларускай літаратурнай назве месяца май адпавядае старажытнабеларуская травень, якая паходзіць ад слова «трава», бо ў гэтым пятым месяцы года зямля пакрываецца зелянінай. Такое найменне захавалася не толькі ў старажытных пісьмовых крыніцах, але і ў вуснай народнай творчасці. Май — адзіная ў нас назва, узятая з лацінскай мовы. Тая ж лацінская аснова таксама ў нямецкай і французскай мовах — Маі, англійскай -Мау, польскай — maj, вянгерскай — majus, рускай — май і інш.

Рымляне прысвяцілі месяц багіні зямлі Маі. У канцы красавіка і пачатку мая яны адзначалі вясёлае свята Фларэлія ў гонар багіні кветак Флоры. У прыватнасці, у першы дзень апошняга месяца вясны быў звычай садзіць дрэва, што называлі «маем».

Католікі прысвячаюць май Божай Маці — Марыі. Штодня ў касцёлах адбываецца маёвае набажэнства. Фігура Багародзіцы ўсюды, дзе яна ўстаноўлена, упрыгожваецца.

Май, працягласць дня ў якім павялічваецца на 1 гадзіну і 42 хвіліны, з’яўляецца найпрыгажэйшай парой года. Цвітуць бяроза, клён, чаромха, наогул усе дрэвы і кусты. Паплавы і паляны пакрываюцца кветкамі. Прырода напаўняецца спевамі птушак. З’яўляецца шмат насякомых, майскія жукі захопліваюць зялёналісцевыя дрэвы.

6 мая. Георгій (Юр’я, Юрай, Ягор’я). З Юр’я, як лічылі амаль паўсюдна, пачынае кукаваць зязюля. На Юр’я сяляне выходзілі з песнямі і ахвярнымі стравамі аглядаць свае зарунелыя палеткі. З Юр’ем звязваўся, як правіла, і першы выпас жывёлы. Дбайны гаспадар не прапускаў без увагі стан надвор я і рабіў для сябе пэўныя высновы: «Калі на Ягор’я мароз — будзе добры авёс», «Як на Юр’я пагода, то на грэчку няўрода». Густы юр’еўскі дождж упэўніваў селяніна, што вырасце густое вялікае жыта.

Галоўнай адказнасцю, якой народ надзяліў святога Юр’я, было апякунства хатняй жывёлы і гаспадаркі.

7 мая. Сава, Валянцін, Лявонцій, Хама, Лізавета, а таксама Аляксей і Аўсей — імёны гэтых святых як быццам самім сваім гучаннем заклікалі селяніна хоць што-небудзь пасеяць на ніве. Асабліва сугучнае з абавязковай палявой культурай імя апошняга святога зашыфроўвала ў сабе несумненную параду: «Аўсей — авёс сей».

8 мая. Марк, Сільвестр. «Дождж на святога Марка — дык зямля, як шкварка». Адзначаны ў каталіцкім календары Станіслаў даваў селяніну свае парады на гэты дзень: «Сей лён на Станіслава, вырасце як лава».

15 мая. Дзень Барыса і Глеба — значнае свята ў народзе. Шанаваліся на яго крыніцы, якія не замярзалі і лічыліся гаючымі, асабліва ад хвароб вачэй. Калі сабраць усё, што гаворыцца пра Барыса ў народных песнях, то можна з упэўненасцю назваць гэты дзень святам працы: «Святы Барыс — коні пасець, прывёўшы дамоў, закладываець…», «барануець, поле раўнуець…», «ячмень сеець з поўнай сявенькі, з правай жменькі, кіне рэдка — дасць Бог густа». Па розных мясцовасцях на Барыса неабходным лічылася сеяць дзе бульбу, дзе бабы, дзе цыбулю.

22 мая. Мікола веснавы (ці летні). «Да Міколы няма дабра ніколі» — гаварылі ў народзе, г. зн. няма пэўнасці ў надвор’і, і толькі Мікола «пагоду становіць», таму і зваўся ён яшчэ цёплым. Не забывалася і народная песня пра гэтага шанаванага святога — цудатворца, абразы якога віселі амаль у кожнай хаце: «Святы Мікола па межах ходзіць, жыта раўнуець… дзе вымакла — там падсушыць, дзе высахла — там падмочыць»; «Мікола — стары сявец, ячмень сеець… з левай ручкі засяваець, кінець рэдка — расцець метка», «і траву расціць, і скот пасціць». Веснавы Мікола лічыўся святам конюхаў. Каб засцерагчы коней ад свавольства ведзьмаў, пастухі абкурвалі коней прыхаванымі купальскімі зёлкамі. З Міколінага дня трэба паспяшацца пастрыгчы авечак, пакуль яны не пачалі ліняць: «Да Міколы не сей грэчкі, не стрыжы авечкі». Паглядаў селянін і на палеткі: як жыта выплыве перад Міколаю, то будзе добры ўмалот.

23 мая. Сымон, Кіпрыян, Анісім, Эразм, Сідар, Таіса, а таксама апостал Зілот. Яго імя выклікала ў чалавека асацыяцыю з золатам. Але адкуль магло прыйсці багацце селяніну, як не з уробленых ім палеткаў? Вось і звязваў ён гэты веснавы дзень з вытокам свайго дабрабыту: «Сей пшаніцу на Зілота — яна будзе, як злота». Часам пад вечар высявалі і каноплі.

24 мая. Дзень Кірылы і Мяфода. Па ім меркавалі пра ўсё наступнае лета: калі ён мокры — і лета будзе мокрае, калі сухі — усё лета сухое. Чамусьці гэты дзень называлі «днём абнаўлення Царграда» (ад землятрусу) і аддавалі яму ўвагу асвячэннем палёў з хрэсным ходам, каб градам (сугучнасць з назвай горада абавязвала) не пабіла пасеваў. Асабліва забаранялася на «градабоддзе» араць.

27 мая. Максім, Сідар. У гэты дзень былі халодныя вятры: «Прыйшлі Сідары — прыйшлі і сівяры».

28 мая. Пахом, Ісай, Дзмітрый. Гэты дзень у адрозненне ад папярэдняга прадугледжваў адваротнае надвор’е: «Пахом павее цяплом». На Пахома амаль усюды дазвалялася ўсё рабіць, але паколькі ён лічыўся галоўным чынам агародным святам, то абавязкова стараліся пасадзіць агуркі: «Пасееш агуркі калі Пахом — будзеш хадзіць з мяхом», г. зн. збярэш шмат агуркоў.

(Падрыхтавана па сайтах інтэрнэта)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *