Вопытам дзяліўся Смілавіцкі каледж

Общество

Выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій — магістральны напрамак у падрыхтоўцы спецыялістаў, якія адпавядаюць высокім патрабаванням грамадства. У Смілавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы напрацаваны пэўны вопыт у гэтай важнай справе. Прызнаннем набыткаў педагагічнага калектыву стала правядзенне тут пасяджэння Мінскага абласнога савета кіраўнікоў каледжаў па тэме “Інфармацыйныя тэхналогіі — як сродак практыкаарыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў”.

Ладзілася гэтае мерапрыемства па ініцыятыве Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь з мэтай укаранення вопыту Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа ва ўсіх сярэдне-спецыяльных установах Мінскай вобласці. У яго рабоце прыняла ўдзел намеснік начальніка ўпраўлення прафесіянальнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Л.В.Гуліна-Галубкіна.

Дырэктар каледжа Тамара Канстанцінаўна Сень у сваім выступленні зазначыла, што менавіта ў практыкаарыентаванай падрыхтоўцы спецыялістаў з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій фарміруецца іх здольнасць да сучаснай працоўнай дзейнасці, прафесіянальнай самастойнасці і кампетэнтнасці. Яна распавяла пра асноўныя асаблівасці, якія характарызуюць працэс практычнага навучання, спалучэнне супрацоўніцтва навучэнцаў, педагогаў, спецыялістаў-практыкаў, калектыўнага і індывідуальнага элементаў навучання.

Удзельнікі пасяджэння азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай каледжа. Іх таксама ўразіла выстава дасягненняў прафесіянальнага майстэрства і дэкаратыўна-прыкладной творчасці педагогаў і навучэнцаў. Дэталёва  цікавіліся і комплексным метадычным забеспячэннем па прадметах, метадычнымі распрацоўкамі выкладчыкаў.

Намеснік дырэктара па навучальнай рабоце Ала Аркадзьеўна Аблавацкая ў сваім дакладзе асвяціла вопыт выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе.

Падчас мерапрыемства ўсе мелі магчымасць не толькі ўбачыць, пачуць, прачытаць, але і назіраць практыку ў дзеянні. У прыватнасці, наведалі заняткі выкладчыкаў А.А.Лысага па ветэрынарнай медыцыне, А.І.Прадзед па біятэхналогіі і асновах акушэрства, Г.В.Ісаевіча па тэхналогіі вытворчасці і таварнай апрацоўцы прадукцыі пчалаводства, Л.Л.Нікіцінай    і  В.А.Нікіціна па прыватнай заатэхніі. У выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій педагогі прадэманстравалі чатыры накірункі:

— роля інфармацыйных тэхналогій                у практыкаарыентаванай падрыхтоўцы будучых спецыялістаў;

— прэзентацыя заняткаў альбо яго фрагментаў;

— выкарыстанне гатовага інфармацыйнага прадукта альбо яго фрагментаў;

— выкарыстанне тэстаў і кантрольных заданняў для прамежкавага і выніковага кантролю.

Падчас заняткаў удзельнікам пасяджэння былі прадэманстраваны эфектыўныя магчымасці інфармацыйных тэхналогій пры тлумачэнні новага матэрыялу, яго паўтарэння, фарміраванні навучальных уменняў і іх выпрацоўцы, кантролі ведаў, арганізацыі пазнавальнай, даследчай і праектнай дзейнасці.

Несумненна, убачанае ў Смілавіцкім каледжы будзе садзейнічаць выкарыстанню магчымасцяў інфармацыйных тэхналогій у сярэдне-спецыяльных установах вобласці для падрыхтоўкі практыкаарыентаваных спецыялістаў.

Вельмі добрыя водгукі выказалі члены абласнога савета кіраўнікоў каледжаў пры наведванні музея ўстановы. Навучэнцы-экскурсаводы расказалі аб 80-гадовай гісторыі каледжа. Увага гасцей была звернута на дзейсны сродак экспанатаў у ідэалагічным выхаванні моладзі.

Азнаёміліся члены савета і з фарміраваннем у навучэнцаў эстэтычнай культуры, дасягненнямі мастацкай самадзейнасці.

Намеснік начальніка ўпраўлення прафесіянальнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Л.В.Гуліна-Галубкіна, старшыня асацыяцыі дырэктараў каледжаў Мінскай вобласці М.Н.Клокель, прысутныя дырэктары сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў Мінскай вобласці адзначылі высокі ўзровень арганізацыі і ўмелага выкарыстання сучасных інфармацыйных сродкаў навучання ў правядзенні тэарэтычных і практычных заняткаў, выхаваўчай рабоце.

Іван ЯРАШЭВІЧ, г.п.Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *