Атрымалі карысны досвед

Общество

Наш раён наведалі члены пчалаводчай асацыяцыі “Бортнік”.

У склад яе ўваходзіць больш за 50 пчалаводчых гаспадарак сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, фермераў, індывідуальных пасечнікаў Мінскай, Гродзенскай, Віцебскай, Брэсцкай, Гомельскай абласцей. Адметна, што ўзначальвае асацыяцыю выпускнік Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Васіль Міхайлавіч Кавалец.

Каля сарака пчалаводчых гаспадарак утварылася пры непасрэднай дапамозе гэтай арганізацыі. Яна ставіць сваёй мэтай садзейнічаць развіццю пчалаводства згодна дзяржаўнай праграмы, аднавіць былую славу беларускага мёду і воску.

Асацыяцыя аказвае дапамогу ў рэалізацыі прадукцыі, забеспячэнні сучасным матачным пагалоўем, кансультуе, распаўсюджвае перадавы вопыт, міжнародныя дасягненні ў гэтай галіне. А таксама для членаў сваёй арганізацыі ладзіць выязныя семінары. Чарговы з іх праходзіў 13-14 ліпеня на базе пасек Чэрвеньскага, Мінскага, Бярэзінскага і Смалявіцкага раёнаў.

На Чэрвеньшчыне пчаляры, у першую чаргу, наведалі Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж, які рыхтуе спецыялістаў-пчаляроў. Аб перспектывах і праблемах іх навучання ўдзельнікам семінара расказала яго дырэктар  Тамара Канстанцінаўна Сень. Яна адказала і на пытанні загадчыка лабараторыі пчалаводства навукова-практычнага цэнтра “Агародніцтва і пладаводства” Дзмітрыя Канстанцінавіча Рахматуліна, іншых пчаляроў. Выкладчык Генадзь Віктаравіч Ісаевіч паказаў навучальную пасеку.

У Смілавічах удзельнікам семінара прапанавалі і культурную праграму. Вялікае ўражанне на іх зрабіў краязнаўчы музей каледжа.

Адкрылі пчалаводы для сябе і сусветна вядомага мастака Хаіма Суціна, цікавыя дзіцячыя мастацкія творы. Водар кавы, якой частавалі іх у “Прасторы Суціна”, перанёс у Парыж да знакамітага “вулля”.

Затым яны наведалі пасеку ў вёсцы Грабёнка, на якой “Аграбуд” даверыў гаспадарыць П.П.Насоўскаму. Ён мае добрыя вынікі працы і асабістыя набыткі ў вядзенні гэтай далікатнай справы. Не абмінулі пасекі і ў Новых Зелянках, Чарнаве.

Семінар працягваўся ў Бярэзінскім раёне, а завяршыўся ў Жодзіна.

Як паведаміў Дзмітрый Канстанцінавіч Рахматулін, на гэтым семінары пчаляры ўзялі для сябе шмат карыснага.

Шаноўныя чытачы раёнкі! Асацыяцыя “Борнік” заклікае вас заводзіць пчолы, а яна словам і справай падтрымае ваша пачынанне. Вельмі важна гэта для нашага раёна, у гербе якога прысутнічаюць працаўніцы-пчолы.

 

Іван ЯРАШЭВІЧ,

г.п. Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *