ДАБРО, АДДАДЗЕНАЕ ВАМІ, ВЕРНЕЦЦА ДА ВАС ПАБОЛЬШАНЫМ…

Общество

Вось і восень на дварэ… Залатая, багатая, шчодрая. Неўпрыкмет бягуць, плывуць дні, як вада ў рацэ. І нішто не запыніць, не запаволіць іх бег. Так і жыццё наша: вясной, летам — у працы, у клопатах. Бывае, няма калі затрымацца на бягу, азірнуцца навокал, задумацца пра яго хуткаплыннасць. Затое восенню, здаецца, сама прырода з яе спакойнай прыгажосцю бабінага лета або постукам халоднага дажджу па аконнай шыбе садзейнічае роздуму пра тое, што, магчыма, ужо надышоў час спыніцца, задумацца: як праходзіць наша жыццё? Якімі нас запомняць нашчадкі?

Аднойчы мы з сястрою прыбіралі бацькаву магілу. Да нас падышоў мужчына сталага веку, спыніўся, прачытаў прозвішча на помніку і кажа: «Дык вось дзе пахаваны мой таварыш!» Ён расказаў, што разам з татам служыў у войску ў далёкія пяцідзясятыя гады. Наш бацька быў старшынёй, а ён — радавым. Салдаты вельмі паважалі свайго старшыню, казалі, што ён ім — як бацька родны! Хаця тату было на той час, мабыць, гады дваццаць чатыры. Не здаралася дзедаўшчыны, нават слова такога не ведалі! Гэта было пакаленне, якое перажыло вайну.

А што адбываецца ў наш час? Маладзенькія хлопцы здзекваюцца з саслужыўцаў толькі таму, што яны на год маладзейшыя! Жахліва ўявіць, але ж бывае, што даводзяць да самагубства! Чаму яны вырастаюць такімі?

А паглядзіце, чым захапляецца сучасная моладзь! Зацікавілася неяк, у якія гульні гуляе мая дачка на камп’ютары. І вось што ўбачыла на маніторы: бяжыць чалавек па нейкаму лабірынту, стараецца схавацца, бо за ім услед бяжыць другі, са зброяй, каб дагнаць і забіць! Гэта жудасна нават сабе ўявіць! Што гэта за гульні? Гэта жах! А калі не ўсё ў парадку з псіхікай? Тады ідуць на вуліцу і забіваюць людзей. Як нядаўна адбылося ў Мінску. Звычайны на выгляд хлопец жорстка забіў мужчыну і жанчыну — бамжоў. Растлумачыў — каб не пакутавалі…

А вось яшчэ адзін успамін з майго дзяцінства. Мне тады было гадоў трынаццаць. Маці на працы давялося абганяць бульбу канём. Папрасіць чужога мужчыну ў вёсцы ўдаве было няёмка. І яна вырашыла, што справіцца сама. Стала за плуг, а мне прыйшлося вадзіць каня, якога я вельмі баялася. І вось мы з матуляй са слязьмі ўзяліся за працу. Не ведаю, колькі па дарозе прайшло мужчын, перш чым адзін спыніўся, падышоў і сказаў: «Валя, не муч дзіця і сама не мучся!» Ён стаў за плуг, і праца была зроблена за якую гадзіну. А мне гэты ўчынак памятаецца амаль сорак гадоў. Дай Бог здароўя паважанаму Леаніду Яфімавічу Патапчыку з вёскі Падгор’е! Вось такія прыклады з жыцця простых людзей.

А людзі, якіх ведаюць усе! Колькі было напісана ўсякага нядаўна пра многімі любімую артыстку! Якая ідзе грызня за тое багацце, што яна пакінула! За тыя бяздушныя камяні і метал, няхай сабе дзівосна прыгожыя і дарагія, людзі здзяйсняюць злачынствы і грызуцца паміж сабой, як звяры!

Барані Божа кагосьці асуджаць, але ж асмелюся выказаць сваё меркаванне. Бог не даў гэтай жанчыне дзяцей. Але ж колькі жыццяў можна было выратаваць нават за частку тых грошай, якімі ацэнена спадчына гэтай спявачкі! Колькі карысці краіне прынеслі б тыя дзеці, колькі ўдзячных малітваў было б узнесена Богу штодня! А цяпер як пачувае сябе яе душа? Але ж — не судзіце і не судзімы будзеце…

Хочацца звярнуцца да людзей з просьбай. Кожны дзень рабіце дабро, не зрывайце свой дрэнны настрой на навакольных. Лепей усміхніцеся — і вам усміхнуцца ў адказ. Ёсць такі закон (закон бумеранга): аддадзенае вамі да вас вернецца пабольшаным…

 

Таццяна ЗАБАЎСКАЯ,

г.п.Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *