У складзе гэтай капэлы выкладчыкі Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў Аляксандр Капцелаў, Васіль Капцелаў (мастацкі кіараўнік), Андрэй Каленік, Алег Калеснік (канцэртмейстар), Святлана Кузьміч і Вераніка Грышкевіч. Менавіта яны падчас фэсту выступілі з дзвюма “Ігуменскімі полькамі” на чацвёртым абласным фестывалю народнай музыкі “Грай, гармонік” і атрымалі Дыплом Гран-пры, а таксама каштоўны падарунак. Усяго ўдзельнічалі 22 аматарскія калектывы і выканаўцы на народных інструментах. Журы пры вылучэнні пераможцы ацэньвала, акрамя выканальніцкага майстэрства і сцэнічнай культуры, таксама асаблівасць музычнага твора, захаванне рэгіянальных традыцый, наяўнасць аўтарскіх апрацовак, мастацка-выразнае рашэнне нумара. Старшыня журы прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі М.Була зазначыў, што “ніякае слова не можа па сіле эмацыянальнага ўздзеяння параўнацца з музыкай… Нездарма гавораць: народная музыка — люстэрка, душа народа…”. Нельга не пагадзіцца з шаноўным прафесарам, бо кожны раз, калі чуеш выступленне “Ігуменскіх крыніц”, адчуваеш не толькі ўздым светлага радаснага настрою, але і хараство роднага краю, гонар за яго таленавітых людзей і нават уласны духоўны росквіт. Пажадаем жа капэле новых творчых вяршынь!
Эма МІКУЛЬСКАЯ.
Фота прадастаўлена В.КАПЦЕЛАВЫМ