КУБАК «РАЁНКІ» — У ФУТБАЛІСТАЎ СДЮШАР

Спорт

У першым этапе дзявятага розыгрышу Кубка газеты «Раённы веснік» па футболу сярод вучнёўскай моладзі бралі ўдзел шэсць каманд раёна.

Матчы ў групах прынеслі наступныя вынікі. Група «А» (Смілавічы). Зборная школ Смілавічаў — Сельгасліцэй — 3:2, Аграрны каледж — Зборная школ Смілавічаў — 5:4, Аграрны каледж — Сельгасліцэй — 9:1.

Група «Б» (Чэрвень). СДЮШАР-1 — СДЮШАР -2 — 3:5, Будаўнічы ліцэй — СДЮШАР-2 — 1:7, СДЮШАР-1 — Будаўнічы ліцэй — 6:1.

У суботу на гарадскім стадыёне ў Чэрвені барацьбу за Кубак «Раённага весніка» павялі пераможцы груп — футбалісты Смілавіцкага аграрнага каледжа і другая каманда Чэрвеньскай СДЮШАР.

Хуткі гол у вароты чэрвеньцаў, які ўжо на 5-й хвіліне фінальнай сустрэчы забіў Іван Прымачэнка, стаў адзіным у першым тайме. У другой палове гульні навучэнцы СДЮШАР спачатку пасля дакладнага ўдару Мікіты Брэчкі аднавілі раўнавагу ў ліку, а потым выйшлі наперад (вызначыўся Азат Зарыфулін). Аднак смілаўчане здолелі забіць яшчэ адзін мяч і дамагчыся нічыёй — 2:2. Каб вызначыць пераможцу, давялося біць пасляматчавыя пенальці. Тут мацнейшымі былі футбалісты аграрнага каледжа.

Але, як высветлілася, у складзе смілаўчан на поле выйшаў ігрок, які на першым этапе спаборніцтваў выступаў за каманду зборнай школ Смілавічаў. Паколькі гэта супярэчыць футбольным правілам, суддзі задаволілі адпаведны пратэст СДЮШАР і залічылі камандзе аграрнага каледжа паражэнне.

Такім чынам, футбалісты Чэрвеньскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву старэйшага ўзросту пад кіраўніцтвам трэнера Сяргея Палякова сталі ўладальнікам пераходнага Кубка газеты «Раённы веснік». У фінальным матчы за каманду СДЮШАР-2 выступалі Арцём Аўраменка, Максім Аладка, Руслан Красоўскі, Аляксандр Міцкевіч, Яўген Краснагір, Павел Лаўрык, Алег Сушкевіч, Уладзіслаў Канапелька, Арцём Мірановіч, Мікіта Брэчка, Мікалай Карнішын, Юрый Казачэнка, Азат Зарыфулін і Ягор Дунаеў.

Пераможцы ўзнагароджаны Граматай рэдакцыі. Лепшыя ігракі спаборніцтваў у складзе фіналістаў — Павел Лаўрык і Арцём Аўраменка (СДЮШАР-2), Вадзім Беланоўскі і Аляксандр Брыкет (аграрны каледж) заахвочаны Граматамі і бясплатнымі падпіскамі на «Раённы веснік» на трэці квартал.

Ігар АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *