ГАЙДА Ў КЛУБ!

Общество

Хачу падзякаваць работнікам сельскага Дома фальклору, а папросту — клуба, за арганізаваныя «Калядныя вячоркі». Іх удзельнікамі сталі тыя, каму за 50, а па-сучаснаму — людзі «50+». Прыйшлі 51-гадовыя, а самыя старэйшыя — 86-гадовыя. Толькі гарманіст-баяніст наш Андрэй Каленік — малады.

Што мы там рабілі? «Казу» вадзілі, спявалі калядныя песні — сённяшнія і 50-60-х гадоў… Бабкі, якім за 80, такія завялі, што і я першы раз чула, хаця мне ўжо і шэсцьдзесят… Работнікі клуба іх запісвалі.

Напяклі «лацацундрыкаў» — пячэння рознага, пачаставаліся цукеркамі, гарбатай… І нават польку беларускую станцавалі!Апрача музыканта, яшчэ двое мужчын было на вячорках. А якія душэўныя словы сказалі напрыканцы: «Бывайце здаровы, жывіце багата, і каб калядныя вечары прыносілі ўсім шчасце, дабро і радасць!»

Усё было нам цікава — і паспяваць, і патанцаваць, і паразмаўляць. Вось і дамовіліся сустракацца штомесяц у якую-небудзь сераду. Ля клуба пошта блізка… Можна заадно заплаціць за тэлефон, яшчэ за што… У адзін дзень зрабіць некалькі спраў. Таму і запрашаем тых, каму «50+», у нашу дружную кампанію.

Дарэчы, калі нічога не зменіцца, дык наступны раз дамовіліся сустрэцца 22 лютага. А там і пра Масленіцу паразмаўляем, і пра мужчынскае свята…

 

Ніна МІЛЬКЕВІЧ,

пенсіянерка,

в.Горкаўская Слабада

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *