«АДКАЗНАСЦЬ НА ДАРОЗЕ»

Безопасность

пад такой назвай прайшло чарговае пасяджэнне клуба «Маладзёжнае перакрыжаванне».

Як вядома, мы жывём у век хуткасцяў. Усе вакол некуды спяшаюцца, бягуць… А закон вуліц і дарог, які называецца «Правілы дарожнага руху», дастаткова строгі. І ён не даруе неабачлівасці. Але тых, хто яго паважае, закон ахоўвае. Вось чаму так важна яго ведаць і прытрымлівацца правілаў.

Удзел у мерапрыемстве ўзялі вучні адзінаццатага класа СШ №2 г.Чэрвеня разам са сваім класным кіраўніком Ірынай Георгіеўнай Салаўёвай. А госцем быў старшы дзяржаўны інспектар ДАІ Чэрвеньскага РАУС маёр міліцыі Аляксандр Івашкевіч.

Напачатку ён пазнаёміў школьнікаў з сумнай статыстыкай: за мінулы год у Рэспубліцы Беларусь у дарожна-транспартных здарэннях загінулі 25 дзяцей. З пачатку новага года ахвярамі ДТП сталі ўжо 40 чалавек і адно дзіця. І гэтыя лічбы, безумоўна, прымушаюць задумацца.

Нашаму госцю задавалі шмат пытанняў, на якія ён даваў грунтоўныя адказы. У тым ліку і пра тое, чаму ён выбраў менавіта гэтую прафесію, — бо склалася сямейная дынастыя. Аляксандр Івашкевіч нагадаў, што ў цёмны час сутак абавязкова трэба пазначаць сябе святловяртальнымі элементамі. Іх адсутнасць цягне накладанне штрафу. Асабліва цікавіліся нюансамі правілаў дарожнага руху школьнікі, якія наведваюць вучэбна-вытворчы камбінат і мараць атрымаць вадзіцельскае пасведчанне, стаць паўнапраўнымі ўдзельнікамі дарожнага руху.

Ірына Георгіеўна Салаўёва заўважыла, што апошнім часам вадзіцелі больш паважліва пачалі ставіцца да пешаходаў. Але старшы інспектар ДАІ параіў усё роўна быць вельмі ўважлівымі, асабліва пры пераходзе вуліц, у тым ліку і ў абазначаным месцы.

Гэтая сустрэча, па водгуках адзінаццацікласнікаў, была карыснай. Бібліятэкары выказваюць шчырую ўдзячнасць за садзейнічанне начальніку ДАІ Чэрвеньскага РАУС Андрэю Трапашку і старшаму дзяржаўнаму інспектару Аляксандру Івашкевічу.

 

Наталля МАЛАНКА,

бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу

Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі

Фота Алены АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *