Мужнасць і боль генерала

Общество

Працяг

Атрад працягвае барацьбу

Акупанты не маглі змірыцца з тым, што ў іх пад носам адноўлена савецкая ўлада і пачалі рыхтаваць карную аперацыю.

З успамінаў былога кулямётчыка 208-га партызанскага атрада, а пасля вайны — першага сакратара Чэрвеньскага райкама партыі Леаніда Абражэвіча:У акружэнні апынуліся 11 атрадаў, у якіх налічвалася больш дзвюх тысяч партызан і некалькі тысяч жыхароў. Амаль месяц вялі мы няспынныя манеўраныя баі з карнікамі. Лясны масіў, дзе базіраваліся нашы атрады і хаваліся жыхары, пастаянна абстрэльваўся артылерыяй. Падвяргаўся бамбёжцы, у многіх месцах знішчаўся агнём. Заканчваліся боепрыпасы і харчаванне…”

Баі аслабілі партызан. Спроба вырвацца з акружэння невялікімі групамі закончылася наўдачай.Неабходна было ісці на прарыў блакаднага кальца.

Кіраваў карнай аперацыяй супраць партызан камандзір 286-й ахоўнай дывізіі генерал-маёр Рыхерд. У яго распараджэнні былі тры батальёны ахоўнай дывізіі, другі паліцэйскі полк, два артылерыйскія дывізіёны.

…Першага ліпеня 1942 года ля партызанскіх вёсак нечакана з’явіўся батальён праціўніка. Другі атрад немцаў спрабаваў зайсці партызанам з тылу. Разгарнуліся жорсткія баі. Раніцай у небе пастаянна з’яўляўся “фокс-вульф” — “фрыц у аглоблях”, як называлі яго партызаны і вёў назіранне за іх рухам. Лес абстрэльваўся артылерыйскімі і мінамётнымі батарэямі. І вось аднойчы яны замоўклі. Не з’явіліся і бамбардзіроўшчыкі. Фашысты чакалі ад палкоўніка Нічыпаровіча адказ на ўмовы прапанаванай імі капітуляцыі акружаных партызанскіх атрадаў.

Напярэдадні разведчыкі прынеслі Нічыпаровічу скінутую з самалёта на парашуце бандэроль. У ёй было пісьмо наступнага зместу: “Асабістае пісьмо камандуючаму партызанскімі атрадамі спадару Нічыпаровічу. Спадар палкоўнік! Нямецкае камандаванне ўпаўнаважвае мяне на падставе майго ўласнага жадання весці з Вамі асабіста перамовы надзвычай важнага характару. Вы бачыце, што знаходзіцеся ў поўным акружэнні і асуджаны на непазбежную пагібель. Нямецкае камандаванне дазваляе мне весці з Вамі перамовы і гатова выканаць усе дадзеныя мною абяцанні. І гэта толькі таму, што яно Вас ацэньвае як добрага камандзіра і чэснага рускага афіцэра, і  галоўным чынам таму, што яно не жадае дарэмнага і бессэнсоўнага знішчэння рускага народа. Нямецкае камандаванне чакае ад Вас адказу, калі Вы не жадаеце загубіць дарэмна столькі нявінных людзей.

З поўным даверам і павагай да Вас — А.Шмідтлен, афіцэр асобага прызначэння”.

Два дні было ціха. Скарыстаўшы перадышку, Нічыпаровіч даў радыёграму камандуючаму Заходнім фронтам Жукаву, у якой прасіў прыслаць самалёты з боепрыпасамі, зброяй, медыкаментамі. Нічыпаровіч разлічваў на два самалёты, прыляцелі чатыры. Зброя, боепрыпасы, харчовыя прадукты, цукар, тытунь. Упершыню на ўзбраенні партызан з’явіліся гранаты-тэрміні…

Пасля нарады з камандзірамі Нічыпаровіч даў загад пастроіць атрад. Звярнуўшыся да партызан з прамовай, ён заклікаў ісці на прарыў.

У тым баі камандзір аператыўнага цэнтра палкоўнік Нічыпаровіч быў начале калоны — услед за ўдарным узводам, і гэта натхняла байцоў. Ён загадаў кулямётчыкам і аўматчыкам падпаўзці да дарогі Усакіна — Белы Лог і нечакана адкрыць агонь па ворагу. У ноч на 3 жніўня партызанскія атрады адначасова нанеслі нечаканы ўдар па фашыстах і выйшлі з акружэння. Своеасаблівай узнагародай для іх была атрыманая неўзабаве радыёграма са штаба Заходняга фронту: “Віншую ўсіх таварышаў з перамогай! Жадаю яшчэ больш біць ворага. Жукаў”.

Напрыканцы 42-га і першай паловы 1943-га года 208-ы атрад правёў яшчэ некалькі паспяховых баёў. Ні адзін з іх не быў лёгкім, але кожны набліжаў да Перамогі. Там, у  клічаўскіх лясах, баявыя заслугі адважнага камандзіра былі адзначаны ордэнам Леніна. Паводле ўспамінаў Леаніда Абражэвіча, увесь атрад быў пастроены на паляне, і разам з палкоўнікам Нічыпаровічам з рук упаўнаважанага ЦК Кампартыі Беларусі 105 чалавек атрымалі ўзнагароды.

(Працяг будзе)

Аляксандр Бушэнка

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *