Міні-футбол: чэрвеньскі “Колас” перамог капыльскую “Бабоўню”

Актуальное Спорт

У адрозненне ад выязной сустрэчы з «Уздой», на хатні матч чэмпіянату Мінскай вобласці з «Бабоўняй» «Колас» сабраўся ў аптымальным саставе.

Пратакол на гульню, які ўмяшчае чатырнаццаць ігракоў,  гэтым разам быў запоўнены цалкам. Жаданне перамагчы капылян, якія, як і “Колас”, абышліся ў першых двух турах без паражэнняў, біла ў нашых праз край.

Госці вырашылі згуляць на пляцоўцы СК “Ігумен” першым нумарам. Але гэты нумар у іх не прайшоў. Вытрымаўшы стартавы націск саперніка, чэрвеньцы пачалі лавіць “Бабоўню” на контратаках.

На 10-й хвіліне лік адкрыў Уладзімір Хурсік, з блізкай адлегласці ўкалаціўшы мяч у “дзявятку”. Яшчэ праз дзве хвіліны поспех “Коласа” развіў Мікалай Курбанаў – 2:0. Трэці гол капыляне прапусцілі ў выніку “самастрэлу”: ігрок “Бабоўні” спрабаваў адвесці небяспеку ад сваіх варот, але незнарок у іх жа і патрапіў. А потым вызначыўся Дзяніс Трапашка, удала ўвайшоўшы ў гульню з лаўкі запасных.

Пры ліку 4:0 нашы крыху расслабіліся і незадоўга да перапынку прапусцілі пасля грубай памылкі ў абароне. Аднак гэта не сапсавала іх баявога настрою.

Інтрыга ў гульні адрадзілася ў пачатаку другой паловы сустрэчы, калі госці вынікова выканалі штрафны ўдар. Далей была гульня ў даганялкі. Эміль Лебедзеў зрабіў лік 5:2 на карысць “Коласа” – капыляне забілі ў адказ. Сяргей Пузына аднавіў перавагу нашых у тры мячы – “Бабоўня” замяніла галкіпера пятым палявым іграком і рэалізавала колькасную перавагу.

Канцоўка ж сустрэчы была цалкам за “Коласам”.  Яна ўмясціла ў сябе другі мяч Эміля Лебедзева, выдаленне іграка “Бабоўні” за зрыў перспектыўнай атакі пасля раней атрыманага  папярэджання. А яшчэ – нерэалізаваны нашымі пенальці і дакладны ўдар дэбютанта чэрвеньцаў Кірыла Капыткі з дзесяцімятровага, прызначанага ў вароты капылян за перабор фалоў.

Выніковая перамога з лікам 8:4 спрыяла радаснай і ўзрушанай атмасферы на трыбуне спартыўнага комплексу “Ігумен”. Балельшчыкі хацелі і чакалі свята – яны яго атрымалі.

У нядзелю, 10 снежня, “Колас” згуляе на выездзе з лідарам чэмпіянату – барысаўскай “Гайнай”. Матч адбудзецца на пляцоўцы мясцовага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. Пачатак – у 12 гадзін 30 хвілін. У каго ёсць магчымасць – прыязджайце. Падтрымка заўзятараў будзе камандзе прыемнай.

Ігар АДАМОВІЧ

“Колас” (Чэрвень) – “Бабоўня” (Капыль) – 8:4.
2 снежня. Чэрвень. Спартыўны комплекс “Ігумен”. 70 гледачоў.
“Колас”: Мурашка, Курбанаў, Хурсік, Лебедзеў, Пузына, Будрыцоў, Капытка, Чысты, Трапашка, Весялоў, Барбоцька, Лявонцьеў, Баранаў, Свірыдовіч.
Галы ў “Коласа”: Хурсік (10), Курбанаў (12), Сцяцко (20, у свае вароты), Трапашка (22), Лебедзеў (39, 55), Пузына (49), Капытка (60, з пенальці).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *