У суботу чэрвеньскі “Колас” стартуе ў чэмпіянаце Мінскай вобласці па міні-футболу

Актуальное Спорт

Здаецца, зусім нядаўна наша каманда завяршыла сезон вялікага футбола. А ў гэтую суботу – новы старт.

Хатнім матчам з «Крупкамі» 18 лістапада чэрвеньцы пачынаюць удзел у чэмпіянаце Мінскай вобласці па міні-футболу, які адначасова з’яўляецца занальным турнірам чэмпіянату Беларусі сярод каманд першай лігі.

Напярэдадні мы пагутарылі з гуляючым трэнерам «Коласа» Дзмітрыем Чыстым.

– Дзмітрый Мікалаевіч, з якімі думкамі, планамі, настроем пачынаеце чэмпіянат?

– Адразу скажу, што адметнай асаблівасцю гэтага міні-футбольнага сезона будзе тое, што ў саставе «Коласа» – дзевяноста працэнтаў мясцовых ігракоў. Такога даўно не было. Адпаведна, глабальных планаў на сезон не ставім. Але і задачу перамагаць у кожным матчы ніхто не адмяняў.

Цяжка сказаць, як усё складзецца… Сёлета ўпершыню за доўгі час чэмпіянат будзе даволі прадстаўнічым: заявілася дзесяць каманд, а планавалася яшчэ больш – дванаццаць. Моцы сапернікаў мы не ведаем. Даведаемся толькі падчас гульняў, бо невядома, хто які састаў сабраў.

– Калі зірнуць на састаў нашай каманды, то ў ім – дзесяць сёлетніх уладальнікаў Кубка вобласці па міні-футболу, які заваяваў “Колас”…

– Гэта, канешне, станоўчы момант. Добра, што ў нас ёсць ігракі, якія маюць вопыт выступлення на абласным узроўні. Але Кубак і чэмпіянат – розныя турніры і па рэгламенту, і па характару барацьбы, таму не думаю, што статус уладальнікаў Кубка вобласці дае нам нейкія перавагі. У чэмпіянаце давядзецца заваёўваць аўтарытэт з чыстага ліста.

– Перамога ў гэтым чэмпіянаце дае шансы на выхад у вышэйшую лігу чэмпіянату Беларусі…

– Шчыра кажучы, не думаем пра гэта. Трэба разумець, што выйсці ў вышэйшую лігу – адна справа, а гуляць у ёй зусім іншая. Там патрэбныя немалыя фінансавыя выдаткі. Наш раён адназначна каманду вышэйшай лігі не пацягне. А спонсары ў чарзе, каб дапамагчы, не стаяць… І так дзякуй раённым уладам, што знайшлі магчымасць хаця б мінімальна падтрымаць “Колас” у чэмпіянаце вобласці. 

– Мясцовыя заўзятары з нецярплівасцю чакалі сённяшняга дня. Вы па іх таксама засумавалі?

– Безумоўна. Так што чакаем сёння ў тры гадзіны сваіх прыхільнікаў на трыбунах спартыўнага комплексу “Ігумен”. Ваша падтрымка, шаноўныя, нам патрэбна!   

 Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *