Ну вось і ўсё: чэрвеньскі “Колас” завяршае футбольны сезон

Актуальное Спорт

Пасля паражэння ў першым туры групавой стадыі фінальнага этапу чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі ад сталічнага “Трактара” (0:3) “Колас” апынуўся ў складаным тунрірным становішчы. Толькі перамогі ў двух астатніх матчах на сто працэнтаў гарантавалі чэрвеньцам выхад у чвэрцьфінал.

На гульню са “Стэнлесам” наша каманда выйшла не ў аптымальным саставе. З-за перабору жоўтых картак вымушаны быў прапускаць матч Яўген Елязаранка, з-за краснай карткі – Арцём Грыб. Але, бадай, найбольш адчувальнай была адсутнасць другі матч запар капітана чэрвеньцаў Дзмітрыя Асіпенкі, які выехаў на ветэранскі турнір за межы Беларусі.

Да кадравых праблем “Коласа” дадаўся “хуткі” гол “Стэнлесу”: госці вызначыліся ўжо на чацвёртай хвіліне сустрэчы. Мінімальная перавага пінчан пратрымалася да перапынку. У чэрвеньцаў не ладзіліся справы ў атацы, пра што сведчыць усяго адзін удар у створ варот сапернікаў.

Другі тайм “Колас” пачаў актыўна. І, хто ведае, як бы далей разгортваліся падзеі на полі, калі б на 50-й хвіліне ў нашы вароты не прызначылі сумніўны пенальці, нібыта за гульню рукой у штрафной пляцоўцы. Другі прапушчаны мяч не пакідаў чэрвеньцам іншых варыянтаў, акрамя як раскрыцца і вялікімі сіламі ісці наперад, каб адыграцца.

За адзінаццаць хвілін да заканчэння сустрэчы “Колас” здолеў скараціць лік: магутны штурм варот “Стэнлесу” скончыўся трапным ударам Мікіты Шугункова. Гэты гол адрадзіў надзею на спрыяльны для нашых зыход гульні. Пры пэўным збегу абставін нават нічыя пакідала ім тэарэтычныя шанцы на працяг барацьбы ў чэмпіянаце. Чэрвеньцы ціснулі, пінчане з апошніх сіл адбіваліся. Здавалася вось-вось – і будзе поспех. Але, захапіўшыся атакай, нашы ігракі аслабілі абарону. Як вынік, у час, што застаўся да фінальнага свістка, у вароты Рамана Андрэенкі “прыляцела” двойчы…     

Такім чынам, “Колас” прайграў 1:4, і матч у Ваўкавыску з мясцовай “Зменай”, які запланаваны на гэтыя выхадныя, ужо нічога не вырашае для нашай каманды. Працягу футбольнай восені, на жаль, не будзе…

 

 Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

“Колас” (Чэрвень) – “Стэнлес” (Пінск) – 1:4.
7 кастрычніка. Чэрвень. Стадыён СДЮШАР. 80 гледачоў.
“Колас”: Андрэенка, Рубін, Івашкін (Музычэнка, 84), Вінцукоўскі, Цярэшка, Паляшчук (Насановіч, 84), Чысты (Трапашка, 72), Чыжэўскі (Весялоў, 46), Галюк (Васюк, 84), Шадурка (Каваленка, 84), Шугункоў (Шмідаў, 86).
Гол у «Коласа»: Шугункоў (79).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *