У «бой ідуць адны «Лаверды»: у філіяле «Агра-Бокс» СП «Унібокс» убіраюць азімы рапс

Аграрный сектор Актуальное

У гаспадарках Чэрвеньшчыны набірае хаду жніво. Калі не лічыць эксперыментальна пасеянага і ўжо абмалочанага азімага ячменю, то традыцыйна яго пачынаюць з уборкі азімага рапсу. Там, дзе гэтая культура займала невялікую плошчу, работы завершаны або завяршаюцца. А ў цэлым па раёну на раніцу пятніцы азімы рапс убралі больш чым на палове адведзеных пад яго палеткаў.

У філіяле “Агра-Бокс” сумеснага прадпрыемства “Унібокс” рапс сёлета вырошчвалі на 354 гектарах. Першым паспеў да ўборкі палетак плошчай 165 гектараў ля Смілавічаў, які прасціраецца ўдалеч ад магілёўскай шашы амаль на паўтара кіламетра. У сераду на яго дружна выехалі тры камбайны “Лаверда” і за тры дні абмалацілі рапс.

З аграномам гаспадаркі Генадзем Шыліным мы сустрэліся на ўскрайку поля акурат у той час, калі камбайнеры дажыналі апошнія загонкі.

– Убіраем менавіта “Лавердамі”, бо астатнія – два “Доны” і “Ліда” – непрыстасаваныя для абмалоту гэтай культуры. Італьянскія камбайны хаця ўжо і “ва ўзросце”, але ў вопытных і руплівых руках нашых хлопцаў працуюць надзейна.

Ураджай, самі бачыце, не дужа багаты: збіраем у сярэднім па дваццаць цэнтнераў алейнага насення з гектара, а калісьці мелі больш за сорак. Але для тых умоў надвор’я, у якіх рапс вырошчваўся – і гэта няблага. Дэфіцыт вільгаці ў глебе быў яшчэ восенню: сеялі амаль што ў пыл. Ды і сёлетняя засуха не прайшла без наступстваў.

А ўвогуле клопатаў з рапсам вельмі шмат. Увесну, ледзь пацяплее, змагаемся са скрытнахобатнікам, лічынкі якога прыгнятаюць расліны. Потым робім адну-дзве апрацоўкі супраць кветкаеда. А яшчэ – двойчы падкормліваем рапс мінеральнымі ўгнаеннямі, знішчаем гербіцыдамі пустазелле. Інакш не мелі б і таго, што сёння маем…

Камбайны рухаюцца па кругу, з кожным разам робячы загонкі ўсё вузейшымі. Па меры магчымасці спыняем “Лаверды”, каб сфатаграфаваць камбайнераў і крыху пагутарыць з імі.

Сяргей Шчурок

– Надвор’е спрыяе, рапс чысты, без пустазелля, дык і настрой на ўборку добры, – усміхаецца першы суразмоўца Сяргей Шчурок. – На гэтым камбайне ўжо адзінаццаты сезон працую, новым яго атрымліваў. Тэхніка хаця і імпартная, але праблем з запчасткамі не маем: замаўляем зімой і ў сакавіку ўжо забіраем. Рыхтаваць “Лаверду” да жніва пачаў, як першы ўкос траў скончыўся. Перабраў шнэк, сегменты, пальцы, рамяні замяніў, дзе трэба было. За два тыдні справіўся. Зараз тут скончым убіраць – пераедзем на рапс у Чарнаву, а там ўжо і зерневыя надыдзе час малаціць…

Чацвёрты жніўны сезон шчыруе ў “Агра-Боксе” камбайнер Юрый Качан.

Юрый Качан

– Раней у “Новых Зелянках” працаваў, а потым вырашыў сюды падацца. Пры камбайнах я, лічы, з дзяцінства. Яшчэ школьнікам працаваў памочнікам у бацькі на “Ніве”. Потым ужо самастойна, на “Доне”, “КЗС-12”. “Лаверда” ад іх, канешне, адрозніваецца, але хлопцы мясцовыя мяне навучылі з ёй упраўляцца.

– А ці хутка бункер рапсам напаўняецца?

– Гледзячы, якая ўраджайнасць. Вось тут, напрыклад, круг па полю зрабіў – бункер намалаціў. Два бункеры – і прычэп “МАЗа” поўны…

Гаспадар трэцяй “Лаверды” Віктар Жалабковіч лічыць для сябе сёлетняе жніво першым. І гэта – нягледзячы на 17-гадовы механізатарскі стаж.

Віктар Жалабковіч

– Хаця, па-праўдзе, яно другое, – удакладняе Віктар. – Дзесяць гадоў таму адзін сезон адпрацаваў на камбайне, таксама на “Лавердзе”. І, ведаеце, нібыта ўчора гэта было: сеў за штурвал – рукі хутка ўсё ўспомнілі. Звычайна я працую на трактары: ворыва, сяўба, нарыхтоўка кармоў. А тут кіраўніцтва папрасіла перасесці на камбайн. Ну, калі трэба – значыць, трэба…

На рапсавым палетку мы пазнаёміліся яшчэ з адным удзельнікам жніва, праца якога не заўсёды навідавоку, але вельмі важная. Механізатар Мікалай Сіліч падчас уборкі ўраджаю клапоціцца пра супрацьпажарную бяспеку. Крый божа, канешне, але бочка з вадою ў яго – заўсёды напагатове.

Мікалай Сіліч

– Звычайна выбіраю на полі самае высокае месца, – кажа ён. – З пагорка ўсе камбайны бачныя, як на далоні, заўсёды можна кантраляваць абстаноўку…

“Лаверды” яшчэ не пакінулі палетак, а на ім ужо з’явілася іншая тэхніка. Механізатар Уладзімір Брэчка пачаў уносіць мінеральныя ўгнаенні, а Сяргей Хлебародаў – дыскаваць глебу.

Сяргей Хлебародаў

– Рыхтуем гэтае поле да сяўбы азімай пшаніцы. Рапс для яе – выдатны папярэднік, – патлумачыў аграном Генадзь Шылін. – Дыскаванне – абавязковы тэхналагічны прыём. Яно неабходнае для таго, каб справакаваць рост пустазелля і ўзыходы невялікай колькасці насення рапсу, якое асыпаецца пры растрэскванні стручкоў. Тады пасля пераворвання палетак будзе чыстым…

Вось у гэтым і ёсць уся сутнасць працы на зямлі. Не паспееш управіцца з адным клопатам, як з’яўляюцца іншыя. Бывае цяжка. Але зямля дзячыць руплівым.

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *