Футбол: чэрвеньскі «Колас» завяршыў першы круг чэмпіянату Беларусі на першым месцы

Актуальное Спорт

Заключны матч першага круга чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі чэрвеньскі “Колас” гуляў на выездзе з “Фалько”.

Прычым выезд гэты атрымаўся не такім ужо і блізкім. Каманда з Дзяржынскага раёна сёлета праводзіць хатнія гульні не на родным стадыёне ў Чаркасах пад Мінскам, і нават не на “Весце” ў Дзяржынску, а ажно ў Стоўбцах.

У пачатку сустрэчы стала вядомым, што мар’інагорская “Вікторыя” даволі нечакана саступіла ў гасцях “Адзінству” (Дзяржынск) – 0:3. І гэта абвострыла барацьбу за лідарства ў зоне “Поўнач”.

Першая палова гульні праходзіла ў роўнай барацьбе. Ігракі “Коласа” добра гулялі на флангах, але не хапала дакладных перадач у штрафную пляцоўку, якія маглі б стаць выніковымі. Надараліся ў чэрвеньцаў і памылкі ў абароне, з-за чаго ўзнікалі вострыя моманты ля нашых варот. У некаторых эпізодах на нашым баку была фартуна, але ў большасці выпадкаў, і не толькі ў першым тайме, бліскуча гуляў малады галкіпер “Коласа” Раман Андрэенка, для якога матч з “Фалько” стаў дэбютным.

У другім тайме гульнявой ініцыятывай валодалі гаспадары поля. Футбалістам “Коласа” даводзілася больш дбаць пра абарону, чым пра атаку, адсюль і мінімальная колькасць шанцаў паразіць вароты саперніка. У цэлым жа было відавочным, што ў шэрагу нашых ігракоў гульня, як кажуць, не пайшла. А яшчэ, на мой суб’ектыўны погляд, адчувалася адсутнасць у складзе “Коласа” двух вопытных ключавых ігракоў – Дзмітрыя Асіпенкі і Мікалая Івашкіна. Не дапамаглі выправіць сітуацыю і замены. У выніку не прапусцілі, але і забіць не атрымалася.

Нягледзячы на тое, што перамогі ў гульні з “Фалько”, на якую разлічвалі трэнерскі штаб і ігракі нашай каманды, дасягнуць не ўдалося, “Колас” завяршыў першы круг чэмпіянату на першым месцы ў турнірнай табліцы з адрывам у адно ачко ад бліжэйшых пераследвальнікаў.

Адметна, што чэрвеньцы адзіныя ў зоне “Поўнач” не прайгралі ніводнага матча. А яшчэ яны маюць найменшую колькасць прапушчаных мячоў – адзін.

У бліжэйшыя выхадныя “Колас” пачне другі круг спаборніцтваў гасцявым матчам з “Беразіно”.

Ігар АДАМОВІЧ

“Фалько” (Дзяржынскі раён) – “Колас” (Чэрвень) – 0:0.
24 чэрвеня. Стоўбцы. Стадыён “Юнацтва”. 80 гледачоў.
“Колас”: Андрэенка, Кірэеў (Галюк, 46), Цярэшка (Весялоў, 78), Вінцукоўскі, Грыб, Паляшчук, Чыжэўскі (Чысты, 78), Рубін, Шадурка, Сёмкін (Васюк, 65), Хадневіч (Клімовіч, 78).

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *