Футбалісты чэрвеньскага “Коласа” пачалі падрыхтоўку да новага сезону

Актуальное Спорт

Першая трэніроўка прайшла на комплексе палёў ФК “Мінск” у сталіцы нашай краіны. Перад яе пачаткам кіраўнік “Коласа” Дзмітрый Чысты прадставіў камандзе новага галоўнага трэнера – Дзяніса Трапашку. Ён ураджэнец і жыхар Чэрвеня, выхаванец мясцовай спартшколы. Выступаў за каманды “Зорка-БДУ” (Мінск), “Смалявічы”, “Тарпеда-БЕЛАЗ” (Жодзіна), “Славія” (Мазыр), “Нафтан” (Наваполацк), “Белшына” (Бабруйск), “Макслайн” (Рагачоў), “Колас” (Чэрвень). Пасля трэніроўкі Дзяніс Трапашка даў экспрэс-інтэрв’ю “Раённаму весніку”.

– Дзяніс, віншуем! Ці была прапанова ўзначаліць “Колас” нечаканасцю, і ці доўга выспявала рашэнне яе прыняць?

– Дзякую за віншаванне! Ужо больш за два гады я працую трэнерам па футболу ў Чэрвеньскай СДЮШАР і зараз атрымліваю трэнерскія ліцэнзіі “Д” і “С” УЕФА. Таму арганізоўваць трэніровачны працэс для мяне – звыклая справа. Прапанова ўзначаліць “Колас” была пэўнай нечаканасцю, але прыняў яе без доўгіх роздумаў, бо гэта – каманда майго роднага горада.

– Якія ўражанні пакінула першая трэніроўка?

– Яна прайшла, як кажуць, у штатным рэжыме, на пазітыве. Хацелася хутчэй паба-
чыць хлопцаў, якія гулялі летась, і пазнаёміцца з новымі. Нас сабралася два дзясяткі чалавек. Але гэта яшчэ не ўсе. Перакананы, што састаў каманды будзе баяздольным. З адметнасцяў – у першай трэніроўцы ўдзельнічалі два навучэнцы нашай СДЮШАР. Гэта Сцяпан Лаўрык і Ілля Пачасуй. Запрасілі іх для таго, каб хлопцы з юнага ўзросту разумелі, да чаго трэба імкнуцца. А ўвогуле бачу перспектыву каманды ў запрашэнні менавіта мясцовай моладзі.

– Зразумела, што канчатковы састаў “Коласа” будзе сфарміраваны па выніках перадсезоннай падрыхтоўкі. Але, магчыма, ужо зараз можна назваць некалькі прозвішчаў?

– У новым сезоне балельшчыкі ўбачаць шмат знаёмых ігракоў. Сярод іх – ветэраны “Коласа” Аляксандр Курыловіч, Дзмітрый Чысты, той жа Аляксандр Паляшчук, які яскрава праявіў сябе летась як у чэмпіянаце краіны, так і ў Кубку рэгіёнаў УЕФА. Мне прыемна, што запрашэнне на прагляд у нашу каманду прыняў вопытны футбаліст з Маладзечна цэнтральны абаронца Раман Вінцукоўскі.

– Як будзе праходзіць перадсезонная падрыхтоўка?

– Трэніроўкі ў Мінску будуць раз на тыдзень. Кожныя выхадныя, па магчымасці, разлічваем праводзіць таварыскія гульні. Наколькі будзе атрымлівацца, шмат у чым залежыць ад умоў надвор’я. Першы спарынг плануем праз тыдзень з “Жодзіна-Паўднёвым”. Хочацца пабачыць, як мы будзем выглядаць у гульні з камандай, якая сёлета рыхтуецца дэбютаваць у першай лізе чэмпіянату Беларусі.

– А якія ў «Коласа» планы на сезон?

– Думаю, не варта агучваць штосьці канкрэтнае… Скажу так: задача – перамагаць у кожным матчы, незалежна ад моцы саперніка. Пакуль што дакладна невядома, але, калі меркаваць па раскладу мінулага года, да пачатку чэмпіянату нас чакае ўдзел у Кубку Беларусі. У гэтым турніры хацелася б пераадолець як мага больш раўндаў, каб прывезці ў Чэрвень у якасці саперніка якую-небудзь вядомую каманду. Таксама разлічваем годна выступіць у чэмпіянаце краіны сярод каманд другой лігі і Кубку Мінскай вобласці.

Гутарыў Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *