Футбалісты чэрвеньскага “Коласа” выйшлі ў фінал Кубка Мінскай вобласці па міні-футболу

Актуальное Спорт

На групавым этапе спаборніцтваў у Беразіно нашы футбалісты перамаглі ўсіх сапернікаў.

У першым матчы “Колас” сустракаўся з “Мка-449 км” (Барысаў). Пачатак гульні склаўся для нашых надзвычай няўдала: за пяць хвілін яны прапусцілі двойчы. У сярэдзіне першага тайма Дзяніс Сіманчык з перадачы Дзмітрыя Чыстага адквітаў адзін мяч. А літаральна праз дзве хвіліны ў чэрвеньцаў з’явіўся рэальны шанц забіць яшчэ раз, аднак Ігар Шмідаў не здолеў рэалізаваць 10-мятровы штрафны, прызначаны ў вароты барысаўчан за перабор фалоў. Праўда, незадоўга да перапынку “Колас” усё ж параўнаў лік. Вызначыўся Ілля Завадскі з перадачы Дзмітрыя Чыстага.

Другі тайм праходзіў з перавагай каманды з Барысава, але цуды ў варотах тварыў ветэран чэрвеньцаў Аляксандр Курыловіч. Развязка надышла за тры хвіліны да фінальнага свістка. Дзмітрый Чысты атрымаў чырвоную картку за фол апошняй надзеі. Барысаўчане разыгралі штрафны і забілі. Але футбалісты “Коласа” не разгубілся ў гэтай складанай сітуацыі. Сабраўшы волю ў кулак, яны перайшлі на гульню ў пяць палявых ігракоў. Спачатку Дзяніс Сіманчык аднавіў раўнавагу ў ліку, а за некалькі секунд да заканчэння сустрэчы Ілля Завадскі прынёс нашым перамогу – 4:3.


Пасля пятнаццаціхвіліннага перапынку “Колас” выйшаў на матч з гаспадарамі пляцоўкі. Ён атрымаўся не менш напружаным, чым першы. Дзяніс Сіманчык адкрыў лік за чатыры хвіліны да перапынку, аднак бярэзінцы хутка адыграліся. У пачатку другога тайма Сяргей Пілецкі зноў вывеў чэрвеньцаў наперад. Больш нашым забіць не ўдалося, але і мінімальнай перавагі ў ліку хапіла для перамогі – 2:1.


Пасля таго як у наступным матчы барысаўчане абыгралі “Куранец” (Вілейка), “Колас” датэрмінова заняў першае месца ў групе і заваяваў пуцёўку ў фінал спаборніцтваў. Гульня з вілейскімі футбалістамі не мела турнірнага значэння, але і ў ёй нашы перамаглі – 2:1 (мячы забілі Дзяніс Трапашка і Юрый Весялоў).


Фінальны турнір Кубка Мінскай вобласці адбудзецца 28 – 29 студзеня. Месца яго правядзення стане вядомым пазней. Цалкам магчыма, што гэта будзе Чэрвень.

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *