Мікалай Стружко: “Свой камбайн на іншы не памяняю”

Аграрный сектор Актуальное

Камбайнер ААТ “10 з’езд Саветаў” Мікалай Стружко і яго “Акрас” – равеснікі па стажу працы. Камбайну – 14 год, і такі ж па ліку жніўны сезон у Мікалая.

– Пачынаў я ў 2006-м на польскім “Бізоне”, – узгадвае ён. – А ў 2015-м узяў расійскі “Акрас”. Сямігадовы камбайн стаяў, як кажуць, “пад плотам”, з пераламанай рамай. На яго ўсе рукой махнулі, а я ўзнавіў. Дагэтуль на ім працую, старанна рамантую да жніва і штодня дбайна даглядаю.

Тэхніка надзейная, рэдка калі падводзіць. Галоўнае – зроблена талкова. Тут, у адрозненне ад гомельскіх камбайнаў, усё агрэгаты адключаюцца і ўключаюцца паасобку, а не адной кнопкай. Гэта важна, напрыклад, пры выгрузцы збожжа, каб нічога лішняга не круцілася і не зношвалася. Таму іншых камбайнаў не хачу. Калі новы, то гэтай жа маркі.

За першыя дні жніва Мікалай Стружко намалаціў 134 тоны збожжа. Ён кажа, што сёлета ёсць шанц выйсці на тысячны рубеж, бо зерневыя ў параўнанні з мінулым годам добра ўрадзілі. У прыватнасці, трыцікале, якую абмалочвае зараз, дае пад 30 цэнтнераў з гектара.

– Галоўнае – не зацягнуць з уборкай, – усміхаецца ён. – Бо тады прыедуць памочнікі з іншых гаспадарак – і не пабачыш той тысячы. Так што будзем старацца!

Падчас нашай гутаркі да камбайна пад’ехалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Анастасія Пашкевіч, старшыня прафкама гаспадаркі Валянціна Цюлюпа і спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Ала Патыла. Яны цікавілся, як ідзе жніво, ці няма праблем.

– Усё добра! – бадзёра адказаў Мікалай. Праз колькі хвілін яго “Акрас” паплыў па хлебнай ніве і неўзабаве схаваўся за пагоркам.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *