Чэрвеньскі раён прадстаўлены на Кургане Славы

Актуальное Общество

Тут 30 і 31 ліпеня праводзіцца выстава «Месца прыцягнення». Прэзентацыю Чэрвеньскага раёна адкрывае інтэрактыўная пляцоўка «Вяртанне да вытокаў» сектару фальклору і трацыцыйнай культуры вёскі Горкі. Тут можна атрымаць майстар-клас па ткацтву ад Таццяны Савонавай і пагуляць у беларускія народныя гульні з Ірынай Маркушэўскай.

Другая смілавіцкая школа прадстаўляе на выставе музей гісторыі мануфактуры, дзе паказана яе развіццё ад рамесніцтва да сучаснай вытворчасці. Побач вырабы з дрэва — шашкі, шахматы, нарды, даміно, дзіцячыя цацкі, мэблю — дэманструе Чэрвеньскі будаўнічы ліцэй.

На пляцоўцы раённага краязнаўчага музею размясцілася канцылярыя галавы Ігуменскага павету. У музычнай фотазоне дзіцячай школы мастацтваў наведвальнікі выставы маюць магчымасць зрабіць здымак з арфай і ў старадаўніх строях.

Руднянскі сельскі Дом культуры прадстаўляе інтэрактыўную пляцоўку, дзе можна акунуцца ў атмасферу легендарнай савецкай кінастужкі «Вяселле ў Малінаўцы», сфатаграфавацца з Папандопалам і нават пераапрануцца ў яго.

Рэдакцыя газеты «Раённы веснік» падрыхтавала для наведвальнікаў віктарыну з прызамі. Таксама на пляцоўцы можна пабачыць лепшыя фотаздымкі мінулых гадоў, пагартаць пажоўклыя падшыўкі газет » Калектывіст» і «Уперад», сфатаграфавацца на першую старонку «раёнкі». Побач кароткую гісторыю прадпрыемства і ўласную сувенірную прадукцыю прадстаўляе Чэрвеньская друкарня.

Крыху паводдаль можна пачаставацца юшкай ад рыбгаса, А потым прайсці «Курс маладога байца» і паслухаць ансамбль народнай песні «Крыніца» на пляцоўцы Раваніцкага сельскага Дома культуры, «палячыцца» ў «палявым шпіталі» Валевачоўскага сельскага Дома культуры.

Чэрвеньскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва запрашае ў буфет савецкага перыяду. Побач — пляцоўка піянерыі таго ж часу і прэзентацыя стэм-класа ад Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Чэрвеня.

Навучыцца пісаць іерогліфы прапануе «Кітайскі чэлендж» ад трэцяй гарадской школы.

Завяршае прэзентацыю Чэрвеньскага раёна вялікая экспазіцыя музея касманаўта Алега Навіцкага, які створаны ў другой Чэрвеньскай школе.

Таксама наш раён прадстаўлены на выставе вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва выхаванцаў і абслугоўваючага персаналу Чэрвеньскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў. Ля падножжа Кургана Славы хораша гучаць песні ў выкананні вакальнага ансамбля «Салавейка» Чэрвеньскага раённага Цэнтра культуры і адпачынку.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *