Ад нашай вёскі — вашай: у Рудню Астравітую завітаў гурт з Іваніч

Актуальное Год малой радзімы Культура

25 чэрвеня у нашу Рудню Астравітую завіталі цудоўныя госці – фальклорны гурт “Вечарына” з вёскі Іванічы. Цёплыя сяброўскія сувязі з удзельніцамі гэтага творчага калектыву існуюць у нас шмат гадоў. Таму вельмі прыемна было запрасіць “Вечарыну” ў госці.

К пяці гадзінам вечара ў цэнтры нашай вёскі сабраліся гледачы розных узростаў: тут былі бабулі, дзядулі, маленькія ўнукі, падлеткі. Размясціліся так, як каму было найлепш пад сонцам.

Артысты не падвялі. Праграма называлася “Ад шчырага сэрца”. І удзельніцы калектыву паўтары гадзіны сапраўды шчыра і аддана дарылі нам сваю творчасць. Чаго толькі не было ў іх праграме: і вясёлыя песні, і лірычныя балады, і песні-роздумы, і кранальныя вершы, і жартаўлівыя сцэнкі. Як адзначыла вядучая і кіраўнік гурта Ларыса Арэхава, у Год гістарычнай памяці мы не маем права пакінуць без увагі тэму подзвігу нашага народа у гады Вялікай Айчыннай вайны. І песні “Дубочак”, “Пра салдата”, верш “Балада пра маці” не пакінулі нікога абыякавым, без слёз не было як слухаць.

А на апошніх нумарах разам з артыстамі ў танцы і спевы пусціліся і гледачы. Дарэчы, калектыў прыязджаў да нас з канцэртам тры гады таму, у 2019 годзе, але зараз ні адзін тагачасны нумар не паўтарыўся!

Вось так суседзі з Іваніч падаравалі жыхарам нашай вёскі і гараджанам, што ў нас адпачываюць, свята. Успамінаў і эмоцый ад яго хопіць на цэлае лета! Шчыра дзячым усім удзельніцам фальклорнага гурта і асабіста Валянціне Калтовіч за дапамогу ў арганізацыі гэтага мерапрыемства.

Жадаем “Вечарыне” на доўгія гады актыўнай творчай дзейнасці , яна сапраўды радуе людзей і прыносіць задавальненне. Падзяёмся на новыя сустрэчы!

З павагай, жыхары вёскі Рудня Астравітая



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *