У Чэрвеньскім раёне праводзяцца мерапрыемствы па пажарнай бяспецы

Актуальное Безопасность

З 4 красавіка на Чэрвеньшчыне пачаўся месячнік пажарнай бяспекі, а з 11 па 27 красавіка Міністэрства па надзвычайных сітуацыях ладзіць рэспубліканскую пажарна-прафілактычную акцыю “За бяспеку разам” па папярэджанню пажараў і гібелі людзей ад іх у вяснова-летні пажаранебяспечны перыяд.

Напярэдадні карэспандэнт “Раённага весніка” разам з чэрвеньскімі ратавальнікамі пабываў у рэйдзе, асноўнай мэтай якога быў кантроль за выкананнем правілаў пажарнай бяспекі тымі, хто злоўжывае спіртным або схільны да гэтай згубнай звычкі.

– Ужо сёлета ў нашым раёне ахвярамі полымя сталі тры чалавекі, – адзначыў намеснік начальніка Чэрвеньскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксей Батура. – Двое з іх на момант гібелі былі нецвярозымі.

Тое, што перадумовы для вялікай бяды рэальна існуюць, мы ўвачавідкі 

пераканаліся падчас рэйду. 

Жыхар вёскі Кукушкіна, да якога завіталі напачатку, якраз паліў у печы. Сам яе стан не выклікаў у ратавальнікаў занепакоенасці, але яны звярнулі ўвагу мужчыны на дровы для падкідкі, што ляжалі перад дзверцамі печы.

 

– Так рабіць нельга, – растлумачыў старшы інжынер сектара нагляду і прафілактыкі РАНС Кірыл Бажко. – Праз дзверцы можа выскачыць вугельчык, дровы на падлозе загарацца, ад іх зоймецца ўся хата… І металічны ліст перад топкай не дапаможа.

Гледзячы на пустыя бутэлькі з-пад спіртнога, што стаялі ў пакоі, а таксама – даверху напоўненую акуркамі бляшанку на табурэце ля ложка, ратавальнікі нагадалі мужчыне пра непасрэдную сувязь рызыкі загінуць у полымі са злоўжываннем алкаголем. 

– Вось будзеце п’яным у печы паліць і засняце, а гэта – тое ж самае, што пакінуць яе без нагляду, нават горш, бо вы – у хаце, – даводзіў Аляксей Батура. – Так можна “заснуць” назаўжды. Тое ж – і з курэннем у ложку. Пры гэтым вы рызыкуеце не толькі ўласным жыццём, але можаце нарабіць бяды і суседзям.

Падчас нашага наведвання Кукушкіна, сюды прыехала аўталаўка. Карыстаючыся выпадкам, ратавальнікі пагутарылі ля яе з двума вяскоўкамі. Яны нагадалі жанчынам аб тым, што нельга выпальваць сухую траву, а пры спальванні смецця на падворку трэба размяшчаць вогнішча як мага далей ад хаты і гаспадарчых пабудоў (не на траве!), мець пад рукою вядро з вадой і рыдлёўку, а таксама выбіраць час, калі няма ветру. Гэтыя парады для мясцовых жыхароў надзвычай актуальныя яшчэ і таму, што амаль ушчыльную да вёскі падыходзіць лес, які з-за неабачлівасці можа загарэцца.

Наведаўшы адзін з дамоў у вёсцы Натальеўск, мы літаральна зазірнулі небяспецы ў вочы. Два мужчыны ў пакоі, на стале – пачатая бутэлька віна і попельніца з акуркамі, у зубах – цыгарэты, пад сталом – батарэя пустых бутэлек. Печ – у жахлівым стане, са шматлікімі трэшчынамі.

– Я ў ёй ужо даўно не палю, сам баюся згарэць, – распавёў гаспадар хаты. – Начую пераважна па знаёмых. 

Ратавальнікі пагутарылі з мужчынамі пра недапушчальнасць курэння ў ложку ў нецвярозым стане і, на ўсякі выпадак, пад роспіс забаранілі карыстацца печчу. 

Таксама ў Натальеўску ў адным з дамоў супрацоўнікі РАНС праверылі аўтаномны пажарны апавяшчальнік і выявілі, што ён не працуе, бо “села” батарэйка. Праблема лёгка вырашаецца яе заменай.

У вёсцы Слабодка ў доме, які знаходзіцца пад кантролем агляднай камісіі мясцовага сельвыканкама і ратавальнікаў, акурат падчас нашага прыезду мянялі электраправодку. Печ тут у парадку. Але для большай бяспекі гаспадарам параілі ўстанавіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік.

Завяршыўся рэйд у вёсцы Красны Бераг. Паводле звестак сельвыканкама, тут у жанчыны, якая жыве адна, меліся праблемы з печчу. Ратавальнікі пабачылі, што трэшчыны на ёй часткова замазалі, але не ўсе. Таму вырашылі напісаць ліст сваякам жанчыны, каб не пакідалі яе ў небяспецы.    

Як распавяла “Раённаму весніку” інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Чэрвеньскага РАНС Юлія Мурашка, у дзень рэйда чэрвеньскія ратавальнікі правялі яшчэ два прафілактычныя мерапрыемствы.  Першы намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Плікус сустрэўся з працоўным калектывам Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Ён распавёў не толькі пра важнасць выканання правілаў пажарнай бяспекі, але і пра тое, як паводзіць сябе ў надзвычайнай сітуацыі. Напрыканцы ўсе паглядзелі відэафільм “Энцыклапедыя бяспекі. Пажар у кватэры”.

А ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Ігумен” Чэрвеньскай СДЮШАР ратавальнікі разгарнулі “Пляцоўку бяспекі”. Дзеці складалі з кубікаў карыкатуры на супрацьпажарную тэматыку і разам з дарослымі адказвалі на пытанні віктарыны. Кожны ўдзельнік атрымаў буклет з карыснымі парадамі, а самыя актыўныя – невялікія сувеніры.

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *