Дзякуй за сезон: футбалісты чэрвеньскага «Коласа» завяршылі выступленне ў чэмпіянаце Беларусі

Актуальное Спорт

У мінулую суботу “Колас” правёў у Мар’інай Горцы, бадай, самы важны матч сезона. У сустрэчы з “Вікторыяй”, якая заняла трэцяе месца ў зоне “Поўдзень” Мінскага дывізіёна, разыгрывалася пуцёўка ў 1/8 фіналу чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі.

Гэты паядынак быў шмат у чым падобным на нядаўні фінал Кубка Мінскай вобласці паміж “Коласам” і “Маладзечна”. Хіба што чэрвеньцы гулялі не на сваім полі, а, паводле  жараб’ёўкі, у гасцях. А так – усё той жа дождж, які не спыніўся ні на хвіліну, усё тая ж цяжкая барацьба і, як вынік, нулі на табло ў асноўны час. І ўсё той жа адзіны забіты мяч. На жаль, гэтым разам у нашыя вароты…

“Колас” сабраўся ў Мар’інай Горцы амаль што аптымальным асноўным саставам, але не без страт. Галоўная з іх – траўміраваны нападаючы Аляксандр Мрынскі, які быў уключаны ў пратакол матча запасным, аднак на поле так і не выйшаў.

Гульня праходзіла на сустрэчных курсах. Праўда, “Вікторыя” атакавала больш небяспечна: галкіпер чэрвеньцаў Аляксандр Курыловіч неаднойчы выратоўваў каманду ў, здавалася б, безнадзейных сітуацыях.

Пасля нулявой нічыёй у асноўны час, паводле рэгламенту спаборніцтваў, былі прызначаны два дадатковыя таймы па пятнаццаць хвілін. Першы з іх таксама абышоўся без забітых мячоў. А на 110-й хвіліне “Колас” прапусціў…

Шанц адыграцца ў нашых быў, але за некалькі хвілін да фінальнага свістка Антон Радзюк з блізкай адлегласці не патрапіў у вароты. Такім чынам, “Вікторыя” перамагла і прайшла далей, а “Колас” завяршыў выступленне ў спаборніцтвах.

У цэлым сёлетні чэмпіянат атрымаўся для нашай каманды неблагім, асабліва першы яго круг. А калі ўлічыць, што магчымасцяў збірацца на трэніроўкі ў хлопцаў не было з-за таго, што жывуць яны ў розных гарадах, як не было і належнай матэрыяльнай падтрымкі, то “Колас” нават скокнуў вышэй галавы. Так, да ўзроўню “Маладзечна” і “Узды” састаў, які гуляў у чэмпіянаце, аб’ектыўна не дацягнуў, але ж ззаду нас у турнірнай табліцы засталіся дзве моцныя смалявіцкія каманды, дзяржынскія “Фалько” і “Адзінства”, дружыны з Вілейкі, Крупак, Беразіно.

А таму варта сказаць “Коласу” дзякуй за сезон! Дзякуй чэрвеньскім ігракам, многія з якіх, у прыватнасці – Аляксандр Курыловіч, Дзмітрый Чысты, Аляксандр Мрынскі, нягледзячы на шаноўны па футбольных мерках узрост, знайшлі сілы і час пастаяць за гонар роднага горада. Дзякуй хлопцам з Мар’інай Горкі, якія па-суседску падставілі плячо, калі выявілася, што аднымі мясцовымі футбалістамі ўкамплектаваць баяздольную каманду не атрымаецца, і асобна – Іллі Прытыку, які правёў добрую селекцыйную працу.

І, канешне ж, варта падзякаваць трэнеру каманды Ігару Шмідаву. Дэбют у яго атрымаўся даволі ўдалым, хаця мала хто ведае, колькі нерваў і здароўя гэта каштавала.

Для “Коласа”, які гуляў у чэмпіянаце, сезон завершаны. Але наперадзе – Кубак рэгіёнаў Беларусі, у якім наша каманда атрымала права згуляць, заваяваўшы Кубак Мінскай вобласці.

Чакаецца, што ўжо на гэтым тыдні адбудзецца жараб’ёўка двухраўндавых паядынкаў на выбыванне. А гэта значыць, што прынамсі адзін матч “Коласа” ў Чэрвені мы сёлета ўбачым. Канешне, хочацца, каб іх было больш. Так што, будзем чакаць, хварэць і верыць!

  Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *