За пятніцу і выхадныя ў Чэрвеньскім раёне надарыліся тры пажары

Актуальное Происшествия

Вечарам 18 снежня загарэўся дачны дом у садаводчым таварыстве “Дубрава-2002” паблізу вёскі Крываполле.

Полымя знішчыла дах будынка, пашкодзіла сцены і маёмасць. Прычына пажару ўстанаўліваецца. Адна з версій – кароткае замыканне электраправодкі.

Таксама за суткі з суботы на нядзелю ратавальнікі двойчы выязджалі на тушэнне лазняў.

Вечарам 19 снежня  загарэлася лазня на адным з падворкаў у аграгарадку Заполле. У выніку пажару пашкоджаны дах будынка па ўсёй плошчы, знішчана перакрыццё.

А каля паловы другой гадзіны ночы 20 снежня ўзнік пажар у лазні на прыватным падворку ў вёсцы Чарнаградзь. Пабудова згарэла цалкам.

Як паведаміла “Радыёвесніку” інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Чэрвеньскага РАНС Алена Немагай, у абодвух выпадках дакладныя прычыны ўзгарання лазняў устанаўліваюцца. Але найбольш верагодная версія ўзнікнення пажараў – парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў.

Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях нагадвае, што печы павінны мець супрацьпажарныя водступы ад гаручых канструкцый. Участак падлогі перад паліўнымі дзвярамі неабходна абараніць негаручымі ліставымі матэрыяламі памерам не менш за 70 на 50 сантыметраў, размясціўшы іх большым бокам уздоўж печы.

Ачышчаць коміны і печы ад сажы трэба не толькі перад пачаткам, але і на працягу ўсяго ацяпляльнага сезона. Выграбеныя з печаў попел і шлак неабходна праліць вадой і прыбраць у спецыяльна адведзенае для іх бяспечнае месца.

Коміны і сцены, у якіх праходзяць дымавыя каналы, павінны быць атынкаваныя і пабеленыя. Любыя пашкоджанні канструкцыі печы трэба своечасова ўхіляць.

Фота Чэрвеньскага РАНС



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *