Чэрвень прымае рэспубліканскія спаборніцтвы па баскетболу (фота)

Актуальное Спорт

Сёння ў спартыўным комплексе «Ігумен» Чэрвеньскай СДЮШАР стартаваў баскетбольны турнір у  праграме Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў-2019 сярод юнакоў 2004-2005 гадоў нараджэння. Удзел у ім бяруць каманды ўсіх абласцей і Мінска.

Першымі на пляцоўку выйшлі юныя баскетбалісты Магілёўшчыны і Гомельшчыны. Магіляўчане былі мацнейшымі — 82:60. У другім матчы мінчане ўчынілі разгром камандзе Віцебскай вобласці — 126:13.

Затым адбылося ўрачыстае адкрыццё спаборніцтваў. Спартсменаў прывітала намеснік старшыні Чэрвеньскага райвыканкама Ала Шахоцька. Эстрадныя нумары выканалі для гасцей выхаванцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г.п.Смілавічы — салісткі  Аляксандра Гулевіч, Аліса Несцярок і танцавальная група «Іскрынкі».

Першы гульнявы дзень завяршыўся матчам паміж камандамі Гродзенскай і Мінскай абласцей.

Спаборніцтвы працягнуцца да пятніцы. У аўторак, сераду і чацвер гульні пачынаюцца ў 11.00, 12.30 і 14.00, у пятніцу — у 10.00, 11.30 і 13.00. А з другой паловы дня пятніцы да наступнага аўторка ў СК «Ігумен» такі ж баскетбольны турнір пройдзе ў дзяўчат.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *